Натхняюць воранаўскія краявіды

Год малой родины 08 марта 19 1783
Натхняюць воранаўскія краявіды
1C9A0591

Вясенні, толькі што абудзіўшыся ад зімовага сну лес, загадкавая водная роўнядзь возера… Імі не толькі любуецца Анастасія Шарко — выпускніца Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў. “Узброіўшыся” пэндзлем і фарбамі, дзяўчынка малюе краявіды ля роднага пасёлка Воранава. На яе карцінах то дрэвы “хвалююцца” ад ветру, то возера “злуецца”, то прырода сцішваецца і замірае... Акрамя пейзажаў, Насця любіць маляваць жывёл і птушак. Дзяўчынцы няблага ўдаецца перадаваць на паперы іх характар, звычкі. Работы з іх выявамі і былі ў аснове выставы, арганізаванай у школе мастацтваў. Дзве з іх — з сумным ільвом і гордым арлом — хутка адправяцца на міжнародныя конкурсы.

Насця, колькі сябе помніць, малюе. Спачатку на паперы з-пад каляровых алоўкаў выходзілі дзіўныя істоты. Калі крыху падрасла, казачная тэма знікла. Усе свае малюнкі, канешне ж, дзяўчынка з гонарам дэманстравала маме. Заўважыўшы ў дачушкі вялікую любоў да творчасці, жанчына адвяла яе ў школу мастацтваў. Спачатку Анастасія наведвала студыю “Акварэлька”, а затым стала паўнапраўнай вучаніцай класа выяўленчага мастацтва, дзе крок за крокам пад кіраўніцтвам любімай настаўніцы Гражыны Вітольдаўны Пяцюн раскрывала свае таленты.

— Больш за ўсё люблю працаваць у тэхніках пастэль, акварэль, радзей выкарыстоўваю графіку, — расказвае А. Шарко. — Адно шкада: сёлета пакіну сцены школы. Але з малюнкам не расстануся. Думаю, што прафесія ў мяне абавязкова будзе творчая, бо лічбы — гэта не маё.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.