Сёння — Міжнародны дзень роднай мовы

Актуально 21 февраля 19 3522
Сёння — Міжнародны дзень роднай мовы
den_movi

Багатая літаратурная спадчына нашай рэспублікі ўзнікла менавіта дзякуючы павазе і захаванню старажытнай і вельмі прыгожай беларускай мовы. Шмат паэтаў прысвячаюць свае творы менавіта беларускай мове і параўноўваюць яе гучанне з перазвонам ручаёў і спевамі птушак.

Шматлікія навукоўцы і даследчыкі са ўсяго свету згаджаюцца, што па мілагучнасці беларуская мова саступае толькі італьянскай. Размаўляйце на матчынай мове, чытайце вершы на ёй, і лепш услых, каб адчуць усю яе чароўнасць.

sm_full (1)

Сяргей Чыгрын

"Кажыце сваяцтва, а не радство..."


Кажыце сваяцтва, а не радство,
Кажыце краса, пекната, хараство,
І дабрыня, меншыня, меншыня —
Кажыце, пакуль вам падказваю я.
Адметны кажыце і адмысловы —
Такія прыгожыя родныя словы.
Кажыце круцёлка, а не вяртушка,
Кажыце ваяка, жаўнер і ваяр,
Ялінка, ядловец, юшка і яр.
Малы і малеча, а не малыш,
І вельмі прыгожае слова спаміж.
Забудзьце ляднік, а ёсць наша — лядоўня,
Трайняты кажыце заўжды, а не тройня.
Крумкач ці груган, ды толькі не воран
Кажыце, калі ён лятае над борам.
Ёсць плата, вядома, а не плацеж.
Ды куфлем піва суседа пацеш.
Пасля пачастуй баханкай хлеба,
А не буханкаю — гэтак не трэба.
Кажыце, што ў збан малако наліваецца,
Але не жбан ці жбанок падстаўляецца.
Не загавор вы кажыце, а змова —
На словы багатая родная мова.
Ёсць слова наросхрыст — не нараспашку,
Сарочку сваю апрануць — не рубашку.
Ёсць слова паспешлівы — ды не таропкі,
Нялёгка прайсці праз горы і сопкі.
Ёсць слова таннець — не дзешавець...
Нам блізкія словы лягчэй зразумець.
На іх і трымаецца родная мова —
Таму беражыце яе кожнае слова!

sm_full

Уладзімір Дубоўка

"Родная мова, цудоўная мова"


Родная мова, цудоўная мова! 
Ты нашых думак уток і аснова! 

Матчын дарунак ад самай калыскі, 
ты самацветаў яскравая нізка. 

Кожны з іх барвы дзівосныя мае, 
вечным агнём зіхаціць – не згарае. 

Ты мне заўсёды была дапамогай, 
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай. 

Чую ў табе перазвоны крыніцы, 
чую ў табе і раскат навальніцы, 

чую павевы зялёнага бору, 
водгулле працы на родным прасторы. 

Кажнай драбнічкай ты варта пашаны, 
кожнае слова вякамі стварана. 

І на вякі яно жыць застаецца, 
вечнае так, як народнае сэрца.

66183505

 

Еўдакія Лось

"Не чакайце, што буду хваліцца..."


Не чакайце, што буду хваліцца
Перад іншымі мовай маёй.
Хіба хваліцца з лесу крыніца,
Што грымотней яна за прыбой?

Той, хто любіць папраўдзе, ён ціха
Слова роднае ў сэрцы спяліць,
Беражэ ад пагарднага ліха:
Калі слову, то й сэрцу баліць...