У кірмашовым карагодзе кружылася Пагародна (Фота, +Відэа)
Ужо колькі год запар аграгарадок Пагародна прымае гасцей на “Пагародзенскім кірмашы”. Вось і сёння бульбашы гулялі на знакамінтым свяце. Гулялі ды агародніну прыдбалі.
За пакупкамі і святочным настроем сюды спяшаліся дбайныя гаспадары і гаспадынькі, мясцовыя жыхары і госці. Бульба і зерне, прапанаваныя КСУП э/б “Пагародна”, разышліся яшчэ напачатку культурнага мерапрыемства. Нядрэнна ішоў торг і ў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія радавалі дзятву незвычайнымі цацкамі. Хто вырашыў пашырыць або залажыць сад — самы час. Менавіта зараз трэба саджаць дрэўцы, раіць спецыяліст у гэтай справе А.В. Шыдлоўскі, які прапанаваў пакупнікам больш дванаццаці відаў саджанцаў вінаграду і шматлікія яблынькі і грушы.
Між тым на кірмашы заўсёды не толькі гандаль, але і весялосць. Ад усіх хваробаў раздавалі парады і “лекі” знахарачкі Гануся і Януся. Пакуль адны “лячыліся”, іншыя шчодра адорвалі артыстаў апладысментамі. На імправізаванай сцэне спявалі і танцавалі творчыя калектывы Воранаўшчыны. Па-суседску ім дапамагалі іўеўчане, мастаўчане. Кульмінацыйным стаў выступ сталічнага фальклорнага ансамбля “Гуляй, бульбаш!”
Падрабязней пра яскравыя моманты святочнага кірмашу чытайце на старонках “ВГ”.
Галіна ШЛЕМПА.
Фота аўтара.