Ветэраны працы Воранаўшчыны пабывалі на экскурсіі ў Начы (Фота, Дапоўнена)

08 августа 18 1821
Ветэраны працы Воранаўшчыны пабывалі на экскурсіі ў Начы (Фота, Дапоўнена)
IMG_0586

Ветэраны працы Воранаўшчыны працягваюць знаёмства з гістарычнай спадчынай, багатай культурай і інфраструктурай раёна. У мінулым годзе яны даведаліся, як жывуць Больцішкі, а нядаўна завіталі ў Начу. Цікавую і насычаную экскурсію для іх арганізавалі раённыя аб’яднанне прафсаюзаў, савет ветэранаў і моладзевая арганізацыя БРСМ у рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве.

 

IMG_0590 IMG_0592

Хлебасольна сустрэла гасцей нацкая зямля. А шчырыя словы, душэўная прывітальная песня ад вакальнага гурта “Пралескі” Нацкага культурна-краязнаўчага цэнтра стварылі прыўзняты настрой. Акурат было адпраўляцца ў невялікае падарожжа па вёсачцы. Дакрануцца да яе мінулага землякам дапамаглі мясцовыя экскурсаводы — Ганна Чаславаўна Язукевіч і Ірына Эдуардаўна Урублеўская. Цеплыня і любоў да родных мясцін адчуваліся ў кожным іх слове. Здавалася, тут кожны куток дыхае гісторыяй. Прыемна было праехацца па вуліцах Начы, ды не па сучасных Леніна, 17 Верасня, Камсамольскай… А па даўнейшых: Аранскай, Воўчай, Жабрацкай — так тыя называліся раней. І ўяўленне малявала вобразы людзей, якія жылі на гэтай зямлі шмат год назад. Напэўна, ніхто ні здзівіўся б, калі б насустрач выйшлі Тэадор Нарбут і Вандалін Шукевіч… Пра іх лёс, жыццёвыя дарогі экскурсаводы сабралі багаты матэрыял і дзяліліся сваімі ведамі з гасцямі ля сямейнай капліцы-пахавальні Шукевічаў, у школьным гісторыка-краязнаўчым музеі. Не пакінулі па-за ўвагай і падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У Хвіліне маўчання ўсе схілілі галовы ля брацкай магілы загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай. Пётр Ігнацьевіч Цехановіч і Людміла Іосіфаўна Коўза ўсклалі на яе вянок.

Акрамя вялікага багажу ведаў, у Начы экскурсанты атрымалі і духоўную асалоду. Арганная музыка, што загучала ў мясцовым касцёле, пранікла ў іх сэрцы — міжволі адчувалася еднасць з Богам, Сусветам…

 

IMG_0595 IMG_0601 IMG_0605

Як аказалася, багацце нацкай зямлі не толькі ў яе слаўным гістарычным мінулым, але і ў працалюбівых творчых жыхарах. Майстар-клас для гасцей у сельскай бібліятэцы далі юныя ўдзельніцы аматарскага аб’яднання “Натхненне”. Спрытна і акуратна газетныя трубачкі на вачах яны пераўтваралі ў розныя вырабы. А бібліятэкар Людміла Бярцэвіч з гонарам дэманстравала вынікі іх рукатворнай працы. А як хораша спяваюць нацкія жанчыны, з’яднаныя ў аматарскае аб’яднанне традыцыйнай беларускай культуры “Сустрэча”, што дзейнічае пры Цэнтры. Скарылі ўсіх сваімі моцнымі прыгожымі галасамі сёстры Уладзіслава Вікенцьеўна Міклюкевіч і Марыя Вікенцьеўна Мікелевіч. Да таго ж, Уладзіслава Вікенцьеўна аказалася сапраўднай майстрыцай — на яе вышываныя абрусы, ручнікі люба-дорага паглядзець. Акрамя песеннай справы, добра ладзіцца і кулінарная ў Ірыны Юльянаўны Сабалеўскай. Рэцэптам яе смачных “агуркоў па-балгарску” “ўзброіліся” многія жанчыны.

Песняй сустракала гасцей Нача. Ёю жа і развітвалася. Пра родны край, каханне, шчаслівую долю хораша праспяваў разам з сяльчанамі хор ветэранаў “Землякі”.

Сваімі ўражаннямі ад гасціннай нацкай зямлі ўсю дарогу дамоў дзяліліся ветэраны працы. Як зазначыла Людміла Канстанцінаўна Сазон, мы ездзім у розныя краіны, іншыя вобласці і раёны за ўражаннямі. А тут, на месцы, такія славутасці! Імёны Вандаліна Шукевіча і Тэадора Нарбута сваім здабыткам лічаць палякі, а яны, аказваецца, — гонар вара-наўчан. І пашкадавала, што раней не наведала з экскурсіяй гэты куточак. Падтрымала яе і Дэаніза Іванаўна Грышко, якая не магла не заўважыць, што Нача падкуплівае прыезджых яшчэ і добразычлівасцю, адкрытасцю, таленавітасцю жыхароў. 

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.

IMG_0611 IMG_0615 IMG_0620 IMG_0623 IMG_0629 IMG_0632 IMG_0637 IMG_0641 IMG_0644 IMG_0648 IMG_0649 IMG_0655 IMG_0656 IMG_0659 IMG_0660 IMG_0662 IMG_0663 IMG_0665 IMG_0667 IMG_0669 IMG_0673 IMG_0674 IMG_0676