Смак мовы прыходзiць пасля…

Смак мовы прыходзiць пасля…
1

Святлана Юльянаўна Кампанеец больш дваццаці гадоў працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Радунскай школе. Яе вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі алімпіяд, конкурсаў работ даследчага характару. Ды і сама яна пастаянна працуе над павышэннем прафесійнага ўзроўню, прызнавалася лепшым настаўнікам года Прынёмання. Ахвотна дзеліцца вопытам з калегамі, з’яўляючыся кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. У гэтым годзе імя С.Ю. Кампанеец занесена на раённую Дошку Пашаны.

Тут жыцця і радзімы пачатак

Дом Кампанейцаў — у самым цэнтры Радуні, але ён неяк вельмі ўдала схаваўся за будынкамі. Адсюль чуваць знешнія гукі вуліцы, можна назіраць за рухам, а ў двары —цішыня, кветкавы рай і ўтульная альтанка. Тут і адбылася наша сустрэча са Святланай Юльянаўнай, за кубкам яе фірменнай кавы з карыцай. І размову мы вялі не столькі аб прафесійных сакрэтах, якія, безумоўна, у таленавітай настаўніцы ёсць, колькі аб жыцці-быцці. Цікава заглянуць у багаты ўнутраны свет чалавека, які сее разумнае, добрае, вечнае.

— На Радуншчыне ўтварылася сям’я маіх бацькоў. Мама родам з Кубані, тата — мясцовы. Ды і маё жыццё, асабістае і прафесійнае, вакол роднай школы круціцца. У Радуні я нарадзілася, вучылася, дарэчы, у адным класе са сваім мужам Віталіем, сюды і вярнулася настаўніцай. Бухгалтар ці доктар з мяне б не атрымаўся, бо дакладныя дысцыпліны даваліся цяжэй, — узгадвае Святлана Юльянаўна. — Была магчымасць паступіць на беларускую філалогію ў Гродзенскі ўніверсітэт па мэтавым накіраванні. А беларускую мову і літаратуру ў школе засвойвала паспяхова, любіла сваю настаўніцу — Валянціну Іосіфаўну Лемантовіч.

Калі справа па душы…

Слухаю суразмоўцу і ўсведамляю, што з першай хвіліны нашай сустрэчы атрымліваю асалоду ад таго, як мякка гучыць яе голас, як льецца, журчыць беларускае слова.

— Вось бачыце, не было ніякай лірыкі ў выбары прафесіі, — усміхнулася настаўніца.— Ведаеце, смак мовы прыходзіць пасля. Калі трапляеш у беларускамоўнае асяроддзе, дзе і выкладчыкі, і студэнты размаўляляюць выключна па-беларуску, паглыбляешся ў літаратуру і начытваеш яе, калі з’яўляюцца вучні, якім ты павінен данесці прыгажосць роднага слова…

І разам са Святланай Юльянаўнай “смакуем” трапныя беларускія словы: аранжавік  — “апельсин”, лецішча — “дача” і такое далікатнае ўжыванне дзеяслова ў адносінах да хлеба — кроіць, а не рэзаць…

— Па-беларуску размаўляю амаль заўсёды. Дый, здаецца, і думаю таксама. Мне падабаецца, калі мае вучні чытаюць вершы на памяць. На ўроках часта робім паэтычныя хвілінкі, — дадае Святлана Юльянаўна. — Люблю свой прадмет і хачу, каб дзеці яго ведалі. Канешне, яго вывучэнне па-рознаму ім даецца. Але я строгая і патрабавальная, ужо і вопыт маю.  А гэта ні з чым не параўнальная рэч. Бо і ў жыцці, і ў прафесіі паступова ўзбагачаешся неабходнымі ведамі, паняццямі і каштоўнасцямі.

фото сканер333 З калегамі з Радунскай СШ


…і добра разам

З мужам Віталіем жывуць разам больш дваццаці гадоў. Іх сыны Арцём і Валянцін — студэнты. Выпырхнулі ўжо дзеці з-пад бацькоўскай апекі. Хоць і сумна ад усведамлення гэтай непазбежнасці, але ў ёй таксама ёсць свае плюсы. Штодзённы рытм жыцця ў Святланы і Віталія стаў больш размераным. Цяпер па-іншаму размяркоўваецца і асабісты час, які можна прысвяціць адзін аднаму: разам сустракаць новы дзень за ранішняй кавай на свежым паветры, чытаць, вандраваць.

— Многа чытаю. І свайму мужу таксама. Ён не прыхільнік чытання па-беларуску, але слухаць любіць. Звычайна гэта кароценькія апавяданні з сучаснай літаратуры. Беларускія аўтары, на маю думку, непераўзыдзеныя ў гэтым малым жанры. І ўвогуле, наша літаратура інтэлектуальная, яе немагчыма чытаць на хаду, каратаючы час у цягніку ці аўтобусе.

2 Кнігу з аўтографам Віктара Шніпа Святлана Кампанеец атрымала ў падарунак за распрацоўку ўрока па творчасці пісьменніка.


Вандроўкі яшчэ адна добрая традыцыя ў іх сям’і. Па Беларусі, за мяжу. Не меншыя ўражанні пакідаюць і велапрагулкі па родных мясцінах. На веласіпедах Кампанейцы нанова адкрываюць для сябе краявіды, якія не раз бачылі з акна аўтамабіля. Наваколле з яго прыроднымі гукамі, пахамі, фарбамі ўспрымаецца па-іншаму. Вось калі пачынаеш разумець вытокі натхнення беларускіх класікаў, з’яўленне параўнанняў, паралелей, эпітэтаў...

На развітанне

— Не пішыце пра мяне шмат, — звярнулася напрыканцы нашай сустрэчы Святлана Юльянаўна. — Дзякуй за ўвагу да маёй асобы, але я звычайны настаўнік. Займаюся сваёй справай і стараюся рабіць сустрэчы дзяцей з роднай мовай, літаратурай, культурай на маіх уроках пазнавальнымі і карыснымі. Дзялюся сваімі ведамі з вучнямі, крыху выхоўваю. Бо ўсё ж такі маю дачыненне да іх душы…

Вольга ВАРАБ’ЁВА.