Партрэт паэта Гродзеншчыны, цi Калi душу напаўняе паэзiя

Год малой родины 27 марта 18 2921
Партрэт паэта Гродзеншчыны,  цi Калi душу напаўняе паэзiя
1фото Кебич Л.А.

Сакавік па праву можна лічыць месяцам мастацтва, росквіту таленту і творчасці. Справа ў тым, што трэцяга на календары значыцца як Сусветны дзень пісьменніка, а дваццаць першага — паэзіі. З гэтай нагоды сваімі меркаваннямі аб песнярах Прынёмання, іх творчых памкненнях і паэзіі ўвогуле падзялілася з “ВГ” паэтэса, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч.

— Паэты — гэта людзі з асаблівай арганізацыяй душы і нестандартным мысленнем. Людміла Антонаўна, як Вы лічыце, ці можна разгадаць загадкавасць іх душы, спасцігнуць іх светапогляд?

— Ведаеце, гэтую загадку ніхто да сённяшняга часу не распазнаў. Дый, хутчэй за ўсё, не распазнае. Канешне ж, здагадкі на гэты конт могуць быць. Думаю, паэзія — дар Бога. Але толькі спачатку. Затым вельмі важна, каб яго ў дзіцяці заўважылі бацькі, настаўнікі і абавязкова падтрымалі, дапамаглі развіць. А першыя рыфмаванкі ў многіх узнікаюць у маладосці, калі дорыць свае крылы каханне. Першае пачуццё і рамантыка натхняюць на радкі. Пасля ў адных гэта праходзіць назаўсёды, а ў некаторых вяртаецца праз гады. Тады яны не проста вяртаюцца да вершаў, а шмат чытаюць, імкнуцца ўдасканаліць сваю творчасць. І з цягам часу іх душа прагне гаварыць мовай незвычайнай. Бо што такое паэзія? Яна мае асаблівы рыфмаваны строй, у які ўкладзены вялікі сэнс. Але да яго трэба дакапацца. І ў тым ёсць яе загадкавасць, таму яна хвалюе і прыцягвае ўвагу чалавека. Нездарма ж лічаць паэзію элітным жанрам.

— Да вашай пісьменніцкай арганізацыі прымкнулі сорак два чалавекі, якія прадстаўляюць усе жанры. Аднак большасць з іх — паэты. Ці можна намаляваць агульны партрэт творцы Гродзеншчыны?

— Безумоўна. Тым больш, што я добра ведаю сваіх сяброў па пяру, памятаю іх дні нараджэння, нават знаёма з іх сем’ямі. Думаю, наш паэт сярэдняга, больш да старэйшага, узросту чалавек, які вельмі ўлюбёны ў родны край і ў сваёй творчасці на першае месца ставіць рэгіянальнасць. У большасці піша пра Радзіму і каханне, але не адкідае і іншыя тэмы. Ёсць і філасофскія, навуковыя, глыбокія падыходы да паэзіі. Многія закаханы ў прыгажосць беларускай прыроды і ствараюць пейзажную лірыку. Увогуле наш паэт лічыць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Значыць, не замахваецца на высокія сталічныя парнасы, а стварае літаратуру сваю, гродзенскую, рэгіянальную, адметную, якая ўвойдзе потым у агульную беларускую літаратуру, а магчыма, — ёсць у нас такія мары — і ў сусветную.

Калі браць чалавечыя якасці (паэт, хоць і глядзіць у неба, усё ж такі чалавек), ён вельмі чуллівы, ранімы, уражлівы і яго лёгка пакрыўдзіць. Разам з тым, лёгка ўзбудзіць на весялосць, падштурхнуць на дзеянне, сачыненне таго ж верша. І трэба ставіцца да яго вельмі паважліва і аберагаць. Таму мы ў нашай арганізацыі стараемся так і рабіць, падыходзім да кожнага індывідуальна.

— Людміла Антонаўна, Вы ставіце перад сабою высокую планку — трапіць сучаснікам  у сусветную літаратуру. Чым, на Вашу думку, можа зацікавіць літаратура Прынёмання?

— Шматмоўнасцю і шматканфесійнасцю — у нашым краі ў міры і згодзе жывуць людзі многіх нацыянальнасцей. Зразумела, большая колькасць пісьменнікаў піша на дзяржаўных беларускай і рускай мовах. Разам з тым у гэтым годзе мы прынялі ў Саюз паэта Рыгора Гармаша, які піша вершы на ўкраінскай. З чацвёртага класа на польскай спрабуе свой талент Герман Панькоў. Сёння ён адзінаццацікласнік школы №36 Гродна з навучаннем на польскай мове. На літоўскай свае думкі ўкладаюць у вершаваныя радкі Алена Чэпукене, Іозас Дзяргінчус і Святлана Бялінская. На розных мерапрыемствах, вечарынах духоўнай музыкі і паэзіі ў нас нярэдка гучыць пяцімоўе.

— Зразумела, паэты, як толькі прыходзіць муза, бяруцца за аловак, каб пісаць, тварыць. А як быць з мараю — патрымаць у руках сваю, толькі што народжаную, кніжачку?

— Задача пісьменнікаў, канешне ж, пісаць, ствараць кнігі і іх папулярызаваць. Хоць нас усіх у Беларусі каля 600 чалавек, дзяржаўныя выдавецтвы стараюцца кіраваць так, каб творы ўсіх пісьменнікаў убачылі свет. Што датычыць нашага аддзялення, мы не застаемся па-за ўвагай. Асабліва карыстаюцца попытам кнігі дзіцячых пісьменнікаў — Таццяны Сучковай, Віктара Кудлачова, Ганны Скаржынскай-Савіцкай, Алеся Якімовіча, Людмілы Шаўчэнкі і іншых. Яны выходзяць або кожны год, або праз год. За год-паўтара разыходзіцца 2 000 экзэмпляраў. У іх распаўсюджанні прымаем удзел і мы — на творчых сустрэчах чытачы з задавальненнем набываюць кнігі з аўтографам аўтара.

Шмат выпускаецца калектыўных зборнікаў. Напрыклад, у іх уваходзяць лепшыя творы па выніках розных конкурсаў. Плануецца выданне калектыўнага зборніка паэтаў з розных абласцей, Мінска “Беларусь — мая Айчына”. Мы накіравалі творы васьмі чалавек з Гродзеншчыны. У нас ёсць свой альманах, які выходзіць раз у два гады. Ён павінен выйсці з друку ў гэтым годзе і будзе прысвечаны тэме малой радзімы.

Дзякуючы міжнародным праектам ведаюць нас і за мяжой: у Польшчы, Расіі, і, спадзяёмся, хутка з намі пазнаёмяцца літоўскія чытачы. Хачу адзначыць, што праца ў праектах цікавая, звязана з перакладам твораў на мовы краін-партнёраў.

— Людміла Антонаўна, жыццё ў Гродзенскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі кіпіць?

— Яшчэ як! Нашы творцы актыўна ўдзельнічаюць у розных конкурсах. Мы ладзім мноства мерапрыемстваў, на якія запрашаем паэтаў з усёй вобласці. Сёлета адкрываем тэатр паэзіі ў Гродне. На імпрэзу запрасілі Ірыну Войтку са Слоніма, Тамару Мазур са Скідзеля, Алу Клемянок са Смаргоні, Валянціна Семяняку з Зэльвы, Георгія Кісялёва з Ваўкавыска, Уладзіміра Руля з Начы. Чаму менавіта тэатр?  Па-першае, у аснове тэатральнай ідэі заўсёды ляжыць літаратурны твор. Па-другое, упэўнена, тэатр дапаможа  глыбей спасцігнуць паэтычны твор, зразумець яго сэнс. І ў гэтым таксама дапамогуць музыка, спевы, жывапіс, гульня акцёраў. І паэзія здолее прыдбаць больш прыхільнікаў. У планах — правядзенне форумаў ці вечарын з удзелам празаікаў і крытыкаў.

Карыстаецца папулярнасцю праект “Словадром”, ініцыятарам якога выступіў мой намеснік Дзмітрый Радзівончык. На яго запрашаем не толькі членаў Саюза, але і аматараў паэзіі. З творамі апошніх можна пазнаёміцца на сайце аддзялення ў рубрыках “Творчасць нашых гасцей”, “Зялёны радок”.

Хачу заўважыць, наша аддзяленне адкрыта для ўсіх таленавітых людзей. Многім, хто шукаў сябе, свой стыль, дапамаглі ў гэтым, скіравалі. Калі ў вашай душы гарыць агеньчык творчасці, не сумнявайцеся: мы будзем вам рады!

Марына КАНДРАТОВІЧ.