Сёння ў Беняконях гулялі “Птушынае вяселле” (Фота, +Відэа)
Надвор’е спрыяла святочнаму настрою, сонейка хоць яшчэ і не грэла, але атуліла ўсіх сваёй пяшчотай. А 15 гадзіне ў аграгарадку Беняконі распачалося брэндавае мерапрыемства, прысвечаныя святкаванню дня Святога Юзэфа. Паводле народных уяўленняў, 19 сакавіка, калі вяртаюцца з выраю апошнія птушкі, Святы Юзэф пачынае благаслаўляць прыроду на новае жыццё і абуджаць наваколле. Нягледзячы на Вялікі пост, у гэты дзень дазваляецца заручацца шлюбам. Варта адзначыць, што свята Святога Юзэфа папярэджвае важныя для хрысціян падзеі: Благавешчанне, Вербны тыдзень і Вялікдзень. У народзе лічыцца, што менавіта ў гэты дзень, птушкі жэняцца. Таму сёння іх тут было вялікая мноства: і драўляных, і папяровых, і саламяных на любы густ і колер. Прыгожыя дзяўчынкі ў нацыянальных касцюмах сустракалі гасцей з галінкамі вярбы ўпрыгожанымі папяровымі птушачкамі, гэта быў своеасаблівы білет на свята.
[embed]https://youtu.be/rU95mqOTcU4[/embed]
Павіншаваць землякоў прыйшоў і старышня Беняконскага сельвыканкама Т.Р. Тупка. А вось галоўнымі на гэтым свяце былі Гаспадар і Гаспадыня, якія шчодра частвалі ўсіх смачнымі пірагамі і распавядалі гледачам пра гісторыю ўзнікнення і традыцыі святкавання дня Святога Юзэфа.
На свяце працавала выстаўка народных умельцаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, рамеснікаў з Воранава, Ліды, і нават Гродна. Святочны настрой стваралі калектывы аматарскай творчасці ўстаноў культуры з Пераганцаў, Тракелей, Канвелішкаў і Пагародна. Мерапрыемства ўпрыгожвалі тэматычныя падворкі, арганізаваныя работнікамі філіялаў Канвелішскага, Больцінікскага, Пагародзенскага, Паляцкішскага, Пераганцаўскага, Бастунскага і Тракельскага цэнтраў культуры. Ганаровымі ўдзельнікамі свята сталі госці са Шчучынскага раёна.
Наталля ІВУЦЬ.
Фота аўтара.