2 лютага — свята Ахвяравання Пана і дзень кансэкраванага жыцця

Духовность 02 февраля 18 1605
2 лютага — свята Ахвяравання Пана і дзень кансэкраванага жыцця
2018-02-02-1

2 лютага ў касцёлах запальваюцца сотні агеньчыкаў свечак, якія традыцыйна благаслаўляюцца ў свята Ахвяравання Пана, або, як яго называюць у народзе, Грамніцаў.

У хрысціянстве свечкі — і тыя, якія гараць у касцёле на алтары, і тыя, якія ўручаюцца новаахрышчаным, і тыя, якія асвячаюцца на Грамніцы — заўсёды з’яўляюцца сімвалам Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. Агеньчык грамнічнай свечкі таксама нагадвае нам пра Марыю — пакорную Слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой гарэла нязгаснае святло веры, надзеі і любові.

У гэты дзень Касцёл святкуе ўспамін Ахвяравання Пана ў ерузалемскай святыні — традыцыйнага абраду, здзейсненага над маленькім Езусам у адпаведнасці з прадпісаннем старазапаветнага закону. Так піша пра гэта евангеліст Лука: «Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам, як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубкоў» (пар. Лк 2, 22–24).

У святыні Юзафа, Марыю і Немаўлятка ўбачыў старац Сімяон, якому Святы Дух раней абвесціў, што ён не памрэ, пакуль не ўбачыць Месію — Хрыста. Узяўшы на рукі Дзіцятка, святы старац благаславіў Бога са словамі: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у супакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё <…>: святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народа Твайго Ізраэля» (пар. Лк 2, 29–32).

Гэтымі словамі святога Сімяона мы праслаўляем Бога ў штодзённай малітве на заканчэнне дня — Камплеце, а запаленую грамнічную свечку традыцыйна даюць у рукі канаючаму.

Свята Ахвяравання Пана — гэта таксама свята ўсіх манахаў і манашак, законнікаў і законніц, таму што 2 лютага адзначаецца дзень кансэкраванага жыцця. Гэта — цудоўная нагода, каб выказаць словы падзякі і прызнання людзям, якія цалкам прысвяцілі сябе і сваё жыццё служэнню Богу і бліжнім паводле евангельскіх парад убоства, чыстасці і паслухмянасці.

https://catholic.by