Аб’яднаныя святам

Знай наших! 29 августа 17 1483
Аб’яднаныя святам
DSCN1103

Традыцыйна фестываль “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” аб’яднаў беларусаў, палякаў і літоўцаў. Сёлета ў турысцка-рэкрэацыйным парку ён сабраў тысячы гасцей. На свяце было прадстаўлена ўсё лепшае, што ёсць у культуры трох народаў: танцы, музыка, народныя промыслы і кулінарныя традыцыі. Яскрава на ім аб сабе заявіла і Воранаўшчына.

Распачалося дзейства на шлюзе Дамброўка маляўнічым тэатралізаваным шэсцем удзельнікаў-прадстаўнікоў трох дзяржаў да галоўнай сцэны. Тое, што фестываль з кожным годам становіцца больш яркім і прыкметным, адзначыў старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

— Новыя ноткі ў яго — у выглядзе спартыўнага накірунку — унёс у гэтым годзе ўдзел прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці і ААН. Арганізаваны велапрабег, сплаў на байдарках і скандзінаўская хадзьба ў падтрымку здаровага ладу жыцця, — сказаў Уладзімір Васільевіч.

Свята віравала, бурліла і не сціхала ні на хвіліну. На сцэну выходзілі лепшыя і самабытныя калектывы з Беларусі, Польшчы і Літвы, а таксама моладзевыя калектывы Гродзеншчыны, вядомыя фальк-групы.

Варанаўчане прыехалі на Аўгустоўскі канал не толькі ўвабраць у сябе ўсе фарбы свята, але і паказаць свае звычаі і традыцыі, здольнасці і спрыт. Па-праўдзе кажучы, гэта ім няблага ўдалося!

Дружная спартыўная каманда, у склад якой увайшлі Ганна Камыно, Дзяніс Здончык, Яўген Жылінскі і Вольга Асташэвіч, прыняла ўдзел у спаборніцтве “Аўгустоўскія забавы”. Чым толькі не займалася моладзь! І скакала ў мяшках, і ваду пераносіла на каромысле, і шмат іншым. За вясёлымі гульнямі час праляцеў хутка. А вынік конкурсу прынёс задавальненне — нашы перамаглі.

У рамках свята прайшоў і рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», мэта якога — вяртанне, захаванне і папулярызацыя традыцый і іх аўтэнтыкі. На ім падворак прадстаўлялі работнікі раённага метадычнага цэнтра культуры і народнай творчасці на чале з яго дырэктарам Ірынай Камінскай. Падворак быў прыгожа і з густам аздоблены, а на яго стале вабілі да сябе стравы воранаўскай мясцовасці: каўбаса пальцам піханая, паляндвіца, запечаная ў печы рулька, бліны з мачанкай і іншае. Як кажуць, каронкай рэгіянальнай кухні быў кісель з салодкай вадою і макам. Страву, прыгатаваную Ірынай Вітольдаўнай па даўняму рэцэпту матулі, смакавала журы. Прычым кісель быў двух відаў: посны, што елі калісьці сяляне, і з дабаўленнем мёду і разынкаў — так ласаваліся паны. Здзіўлялі і нашы майстры народнай творчасці, якія паказвалі майстар-класы. Супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Яўген Мацяшук з гліны вырабляў любімую дзіцячую забаўку — птушку-свісцёлку, а народны майстар Беларусі Станіслава Міхно прыцягвала ўвагу адпачываючых ткацтвам. Нацкі фальклорны калектыў весяліў гасцей аўтэнтычнымі спевамі. Цудоўныя забавы падрыхтавала для дзяцей і дарослых мастацкі кіраўнік Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Салмановіч. Яе фальклорная праграма “Гульнёвы карагод” была прызнана лепшай. Прыемна было атрымаць высокую адзнаку як лепшай выканаўцы народнай песні і Станіславе Міхно. З улікам усіх здабыткаў варанаўчан і іх значнага ўкладу ў захаванне беларускіх звычаяў у Воранава паехаў дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі “Лепшы падворак традыцыйнай культуры Гродзеншчыны”.   

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота з архіва Воранаўскага РЦКіНТ.

DSCN1081 DSCN1078 DSCN1076 DSCN1075 DSCN1070 DSCN1069 DSCN1066 DSCN1062 DSCN1059 DSCN1061 DSCN1055 DSCN1051 DSCN1050 DSCN1046 DSCN1043 DSCN1032