Скарынавай душой узлашчанае слова
У пачатку жніўня ў Мінску ў Доме літаратара адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне прызёраў міжнароднага літаратурнага конкурсу “Скарынавай душой узлашчанае слова”, прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Нагадаем, конкурс быў абвешчаны Саюзам пісьменнікаў Беларусі ў пачатку цякучага года.
Удзел у творчым спаборніцтве, якое выйшла па-за межы Беларусі, прынялі як вядомыя пісьменнікі: Георгій Марчук, Васіль Ткачоў, Зіновій Прыгодзіч, Яўген Хвалей, Георгій Тамашэвіч, Яна Явіч, Васіль Макарэвіч і іншыя, так і пачынаючыя. Перамогу атрымаў Антось Уласенка з г. Маладзечна (драматургія). Другое месца раздзялілі гродзенка Таццяна Лашук (публіцыстыка) і мінчанін Глеб Ганчароў (паэзія). Трэцяе — Кірыл Анацка з в. Карані Светлагорскага раёна (паэзія), Святлана Кабанава з г. Дзюсельдорф Германіі (паэзія) і Яна Тарасевіч з в. Сямігосцічы Столінскага раёна (проза).
Удалай аказалася спроба пяра і для нашай юнай зямлячкі, выпускніцы Канвелішскага навучальна-педагагічнага комплексу і ўжо студэнткі першага курса Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Святланы Мiхалькевiч (на здымку). Дзяўчына атрымала заахвочвальную грамату Саюза пісьмен-нікаў Беларусі. З былой таленавітай вучаніцай радасць поспеху раздзяліла настаўніца рускай мовы і літаратуры Люцыя Іванаўна Нос, якая чутка кіравала творчым працэсам. Па словах гэтага ўдалага дуэта, было вельмі прыемна працаваць над тэмай нацыянальна-асветніцкага подзвігу Францішка Скарыны.
Марына КАНДРАТОВІЧ.