Дарогі з Беларуcі і Літвы прывялі ў Чыжаўск (Дапоўнена)
Невялічкая, неперспектыўная, з пяццю жыхарамі… Ды такая дарагая сэрцу тым, хто тут нарадзіўся, сталеў… Так можна сказаць пра многія вёскі. Хоць і выляцеліся дзеці з бацькоўскага гнязда ў шырокі свет, але і сёння ім сніцца свет у акенцы роднай хаткі, дзе чакае матуля. Успомніць былое, сустрэцца з землякамі, вось аб чым многія мараць. Былыя жыхары вёскі Чыжаўск Канвелішскага сельсавета сваю такую светлую мару ператварылі ў рэальнасць. У суботу яны прыехалі на малую радзіму як з розных куткоў Беларусі, так і з Літвы.
Свята вёскі адзначалі дружна. Да іх далучыліся даўнія сябры – жыхары вёсак Бялужышкі і Балькуны. Распачалі доўгачаканую сустрэчу малітвай у канвелішскім касцёле. Маліліся за сябе, сваё здароўе, за памерлых продкаў, а таксама каб дзеці і ўнукі не забываліся сваіх каранёў.
Усе ўладкаваліся на падворку, якм належаў Савіцкім, разглядвалі здымкі, успаміналі маладосць. З удзячнасцю казалі дзякуй Вераніцы Уладзіславаўне Савіцкай, якая нягледзячы на тое, што жыве ў Вільнусе, змагла арганізаваць гэтае свята.
Да самай раніцы ў вёсцы гучала музыка. А Чыжаўск “успамінаў” свае лепшыя гады, калі яго вуліца была напоўнена дзіцячым смехам, а ля хатаў завіхаліся маладыя гаспадары…