Моладзевы блок на свяце краіны ў Воранаве распачаўся з акцый раённага камітэта ГА “БРСМ” (Фота)
Наталля Мяцеліца, лідар моладзі на Воранаўшчыне, лічыць, што мова ― гэта душа народа, а адзенне — яго твар. Менавіта пагэтаму ў Дзень Незалежнасці актывісты БРСМ вырашылі прадоўжыць свята вышыванкі, якому старт ва ўсёй Беларусі быў дадзены яшчэ ўчора. Усім жадаючым хлопцы і дзяўчаты павязвалі на руку стужкі з беларускім арнаментам. Акрамя таго, яны з захапленнем распавялі, што азначаюць такія сімвалы, як сонца, зямля, прырода і дрэвы, у якіх выпадках выкарыстоўваюцца і як адлюстроўваюцца ў вышыўцы чалавечыя зносіны. Лічу, такія акцыі і сімвалізуюць пераемнасць пакаленняў у традыцыйнай культуры, цікавасць да яе маладых людзей.
3 ліпеня — сімвал надзеі і аптымізму для наступных пакаленняў. У гэтым свяце ўвасоблены мары нашага народа аб светлай, суверэннай і моцнай Айчыне. Свае пажаданні для роднай Воранаўшчыны і прапановы цікавых ідэй для БРСМ святкуючыя пісалі на папяровых сэрцах, якія прымацоўвалі на “Карту добрых спраў”.
Між тым у паветры лунаў водар розных прысмакаў, а ў асаблівасці — шашлычку і юшкі. Святочны гандаль не абмежаваўся толькі гэтым, найбольшы натоўп людзей назіраўся каля палатак з цацкамі і салодкімі ласункамі. Народныя майстры спакушалі пакупнікоў сваімі самабытнымі вырабамі. Дзятву, як заўсёды, прываблівалі батуты, гульнёвыя падворкі і выставы Воранаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.
Мужчынская палова зацікаўлена назірала за спартыўнымі баталіямі. На футбольнай міні-пляцоўцы за кубак пераможцы спаборнічалі дзесяць аматарскіх каманд. Непадалёк у большасці хлопчыкі і дзяўчынкі вызначалі, хто самы меткі у дартсе, старэйшыя ўдзельнікі свята падцягваліся на высокай перакладзіне. А вось у скачках на скакалцы, напэўна, пераможа сямігадовая Вікторыя Стока з Гродна — вельмі спрытна яна выканала аж 120 скокаў за адну спробу. Вынікі спартыўнага блоку даведаецеся са старонак “ВГ”.