Анатоль Еўдакiменка: “Ёсць праца — будзе i здароўе”

Знай наших! 07 апреля 17 1426
Анатоль Еўдакiменка:  “Ёсць праца —  будзе i здароўе”
1C9A8100

Прачынацца з сонейкам. Нягледзячы на паўсядзённыя клопаты, з усмешкай сустракаць ранне. І радавацца кожнаму новаму дню. Так здаўна заведзена ў руплівых вяскоўцаў. І галоўнае — быць патрэбным. Па-першае, матухне-зямлі, карміцельцы, па-другое, людзям, сваім, вясковым. Напэўна, таму, што жыццё не ўяўляецца без працы, хай сабе і цяжкай, што, бывае, і хвілінкі шкада, каб адпачыць, сельскія жыхары моцныя духам, не маюць часу старэць душой. Яскравым носьбітам такой сельскай філасофіі з’яўляецца жыхар аграгарадка Беняконі Анатоль Васільевіч Еўдакіменка, якому нядаўна споўнілася семдзясят год. Так, узрост паважны. Але мужчына, не зважаючы на гады, і сёння працуе вадзіцелем у КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”.

Пазнаёміцца з ім нам удалося не адразу. Вядома ж, гарачая пара — пасяўная. Анатоль Васільевіч у асноўным заняты на перавозцы збожжавых культур. Давялося чакаць яго з чарговага “рэйса” на цэнтральным зерняскладзе. Гул матора “падказаў” — едзе на загрузку. Значыць, будзе некалькі хвілін на размову.

Аб малой радзіме, якая адкрыла шлях у шырокі свет, Анатоль Васільевіч не можа ўспамінаць без слёз. Ад яго дарагіх сэрцу Камаровічаў, што колісь красаваліся ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці, не засталося і следу.

— “З’еў” Чарнобыль, — з сумам кажа мужчына.

Ды з памяці не вырваў шчаслівыя дзіцячыя гады, школу, якая дала добрыя веды. Працу там, у мясцовым калгасе, кінамеханікам. І як адтуль з роднага парога смялей было яму, простаму вясковаму хлопцу, ісці служыць у армію…

І вось армейскія будні за плячыма. Узнікла пытанне: як быць далей? Тут на дапамогу прыйшла сястра, якая на той час жыла ў Любартах Воранаўскага раёна, працавала медсястрой. Анатоль паддаўся на яе ўгаворы пераехаць на Воранаўшчыну. І прырос душой да гэтай зямлі, да яе людзей.

Трыццаць сем год ужо мужчына круціць баранку аўтамабіля — і ўвесь час у гаспадарцы. Колькі машын прайшло праз яго рукі, хіба цяпер падлічыш? Галоўнае ж для яго, як прызнаўся ў гутарцы, быць пры справе. Цэлую зіму не працаваў — не было спакою на сэрцы. Як выйшаў на працу, дык аднекуль з’явіўся прыліў сіл. Маўляў, з людзьмі пагаворыш — становіцца весялей, а за работай здаравей сябе адчуваеш.

— Наш Анатоль Васільевіч з тых людзей, якія не ўяўляюць сябе без работы, — расказвае пра працалюбівага падначаленага намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства Ірына Учкуроніс. — Ён самы першы прыходзіць на аўтобус, што вязе калгаснікаў на працу. У яго сапраўды баліць душа за сваю гаспадарку. У нас шмат добрых работ-нікаў. Але ўсё ж менавіта на Анатоля Еўдакіменку раўняцца трэба ім. Да таго ж, добразычлівасць і аптымізм суправаджаюць яго кожны дзень. Гэты настрой перадаецца і нам.

Анатоль Еўдакіменка — шчаслівы сем’янін. Радасцю яго і жонкі Валянціны з’яўляюцца дачка Алена і сын Віталій. Дзеці ўладкаваны ў жыцці, у іх свае сем’і. Не забываюць яны пра бацькоўскі дом. Сюды спяшаюцца Алена з Ліды і Віталій з Мінска ўжо са сваімі дзецьмі. Старанна захоўваюць Еўдакіменкі сямейныя традыцыі. І на Вялікдзень іх дружная сям’я сабярэцца ў Беняконях, як кажуць, у поўным саставе.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.