Успамiны сэрцу дарагiя…

Успамiны сэрцу дарагiя…
image75

image2015

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! 

У гэтым годзе спаўняецца 50 год з дня заснавання маёй роднай Бастунскай сярэдняй школы (зараз НПК Бастунскія яслі-сад-базавая школа). З гэтай нагоды ў суботу ўстанова плануе святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да вечара сустрэчы выпускнікоў. Карыстаючыся магчымасцю, хачу выказаць самыя цёплыя і шчырыя словы ўдзячнасці, павагі, бязмернай любові роднай школе, тым, хто нас вучыў, неаднойчы працягваў руку дапамогі, тым, хто адправіў у жыццёвы шлях.

Я — выпускніца 1975 года. Пасля заканчэння школы паступіла ў Мінскі інстытут культуры на факультэт бібліятэказнаўства і бібліяграфіі.  Пры размеркаванні вельмі хацела трапіць у свой раён, але вакантных месцаў тут не было. Маю просьбу накіраваць мяне як мага бліжэй да Воранаўскага раёна выканалі. Я трапіла ў Іўе. Думала, што толькі на час адпрацоўкі, але абставіны склаліся так, што гэты горад стаў для мяне другой радзімай. Выйшла замуж, нарадзіліся дзеці. Да выхаду на пенсію адпрацавала ў бібліятэцы на розных пасадах 37 гадоў. А душа ўсё цягнецца да родных мясцін, думкі ўсё часцей вяртаюць у дзяцінства, школьныя гады. Успамінаюцца аднакласнікі, настаўнікі. Ды яны і не забываліся ніколі, бо школьныя гады — гэта мая самая светлая, цудоўная і шчаслівая пара. Я не была выдатніцай, вучылася на 4 і 5. Памятаю, якімі бясконца доўгімі здаваліся канікулы! Як я лічыла дні, як чакала тую раніцу, калі трэба было ісці ў школу! Там было не падобнае ні на якое другое, своеасаблівае і насычанае жыццё, там былі сябры, любімыя настаўнікі, цікавыя мерапрыемствы. І сёння лічу, што ўсё там было найлепшым (няхай прабачаць мяне выпускнікі іншых школ) — настаўнікі, атмасфера, школьны хор і валейбольная каманда, вучнёўскія атрады і чытачы. А колькі было вучняў! У кожным класе па 25-28 чалавек! Былі нават такія гады, калі існавалі паралельныя класы.

Памятаю той далёкі 1967 год, калі мы, трэцякласнікі, пераступілі парог новай школы. Усё для нас было незвычайным і новым. І настаўніца таксама — Еўдакія Міхайлаўна Роткіна. Да яе, строгай і справядлівай, мы прывыклі не адразу. Яна змяніла нашу першую настаўніцу — Дануту Іосіфаўну Чэпік. Успамінаю, як глядзела на гэтую жанчыну і марыла аб тым, калі вырасту, зраблю такую ж прычоску, буду насіць такое ж адзенне, і ў мяне будуць такія ж прыгожыя рукі. Д.І. Чэпік прыехала па нашаму запрашэнню на наш выпускны баль. І яна памятала ўсіх па імёнах і прозвішчах. Праз столькі гадоў…

Сёння хачу згадаць усіх маіх настаўнікаў, выдатных, чулых, клапатлівых.  З удзячнасцю ўспамінаю нашага дырэктара, матэматыка Часлава Баляслававіча Раўлушэвіча. Завуча  Уладзіміра Афанасьевіча Кульбея, які з віду здаваўся непрыветным і строгім, але вочы яго свяці-ліся дабрынёй, усмешкай і гумарам. Добрыя ўспаміны і пра настаўнікаў гісторыі Уладзіміра Аляксандра-віча Бондара і рускай мовы і літаратуры Чаславу Пятроўну Бондар. Яна вельмі любіла свой прадмет і любоў да яго прывівала вучням. Якімі цікавымі і непаўторнымі былі ўрокі гэтага заслужанага настаўніка! Беларускую мову і літаратуру вяла Ганна Нікіфараўна Струпінская.  На ўсё жыццё захавала да яе павагу і дзякую за маю любоў да беларускай мовы. Настаўнік з вялікай літары — Клаўдзія Мяфодзьеўна Касачова. Строгая, справядлівая, патрабавальная. Магчыма, не ўсе любілі і разумелі яе, але я ведаю, што яна бязмерна любіла дзяцей. А якім дагледжаным быў наш прышкольны ўчастак дзякуючы настаўніцы біялогіі Валянціне Цімафееўне Касачовай! Асновы школьнага курса хіміі мы спасцігалі з настаўніцай Нінай Сяргееўнай Жывулькай, нямецкай мовы — з Феліцыяй Эдуардаўнай Ненартовіч, ваеннай справы і фізкультуры — з Зянонам Лукашавічам Войшнісам, вывучалі механізмы і пабудову трактара разам з Іванам Канстанцінавічам Жывулькам. Шмат непрыемных момантаў прыйшлося перажыць з-за нас, васьмікласнікаў, нашай прыгожай і добрай Браніславе Юльянаўне Радзюк. Маладая дзяўчына, выпускніца інстытута, вяла фізіку і была нашым класным кіраўніком. Дзякуй ёй за тое, што не трымае крыўды на нас, што памятае, цікавіцца нашым жыццём і прыязджае на сустрэчы. Асаблівыя словы падзякі — майму любімаму настаўніку Івану Макаравічу Булаўку. Гэта ён першы ўзяў мяне за руку і павёў у школу. І гэтая рука, такая надзейная, цёплая, усяліла ў мяне ўпэўненасць, спакой і вялікі давер да чалавека, які называўся Настаўнік. Гэта за яго мы хадзілі прасіць дырэктара, каб пакінулі Івана Макаравіча нашым класным кіраўніком, калі яго перавялі на пасаду завуча па вучэбнай рабоце. Гэта каля яго хацелі сесці ўсе, калі кудысьці ехалі на экскурсію. Гэта ён аддаў усё сваё жыццё школе і вучням.  Светлая яму памяць. І ўсім маім настаўнікам, каго ўжо няма сёння з намі.

50 гадоў школе і 42 гады, як я пакінула яе сцены. Пражыта шмат, але выразныя ўспаміны вяртаюць у мінулае. Напэўна, так заўсёды: вяртаешся туды, дзе было добра, дзе цябе разумелі, любілі, дзе быў шчаслівы. Туды, да сваіх сяброў, аднакласнікаў. Якое шчасце, што мы падтрымліваем сувязі, цікавімся справамі адзін аднаго, сустракаемся.

Няхай не зарастае сцяжынка да школьнага парога, а ў ёй заўсёды звіняць вучнёўскія галасы. Я ад усяе душы віншую сённяшніх настаўнікаў і вучняў з юбілеем, жадаю творчага натхнення і светлых помыслаў! З 50-годдзем, родная школа!

З павагай, 

Галіна ЛЕБЯДЗЕВІЧ (Завадская),

выпускніца Бастунскай сярэдняй школы 1975 года.

На здымках: наш выпуск у гады вучобы; ён жа каля роднай школы праз 40 гадоў, 2015 год.

Фота з архіва аўтара.