Да пабачэння, Год культуры, вiтаем навукi Год
Мінулы год ужо запісаны ў летапіс жыцця як год яскравых падзей, развіцця народных традыцый і, несумненна, культуры. Ён запомніцца, як жыхарам краіны ў цэлым, так і воранаўцам у прыватнасці, гучаннем роднага слова з розных пляцовак, мноствам кранальных і рытмічных мелодый, а таксама цікавымі творчымі сустрэчамі. Нездарма ж 2016-ты насіў назву — Год культуры. Яго вынікі ў Воранаўскім раёне былі падведзены на ўрачыстай канцэртнай праграме “Гучныя акорды Воранаўшчыны”. 19 студзеня ў гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу яна сабрала прыхільнікаў таленту мясцовых артыстаў.
Святочнае мерапрыемства адкрыў старшыня райсавета дэпутатаў В.В. Роік. Падво-дзячы вынікі Года культуры, Віктар Віктаравіч агучыў некаторыя значныя моманты з культурнага жыцця Воранаўшчыны:
— 2016 год стаў вельмі важным і знамянальным для кожнага з нас. Каб напоўніць кожны дзень святам, працаваў увесь раён. Было праведзена больш за 4,5 тысячы мерапрыемстваў: канцэртаў, конкурсаў, фестываляў, прэзентацый, літаратурных сустрэч, выстаў. Парадавалі вынікамі ў розных конкурсах навучэнцы і настаўнікі дзіцячых школ мастацтваў раёна: яны заваявалі сем дыпломаў I ступені ў міжнародных конкурсах, Гран-пры і сем дыпломаў I ступені — у рэспубліканскіх. Прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі прысуджана вучню Радунской ДШМ Аляксандру Барташэвічу. Пасведчанне дыпламанта фонду ўручана яшчэ аднаму таленавітаму выхаванцу гэтай установы — Аляксандру Чывелю. Дыпломам II ступені рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ўзнагароджана бібліятэкар Бастунскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Ірына Яўгенаўна Карповіч. 2016-ты стаў і годам папулярызацыі беларускага мастацтва, культурнага патэнцыялу нашага раёна за мяжой. Народны ансамбль народнай песні “Зараніца” Радунскага цэнтра нацыянальных культур выступіў на свяце “Масленіца” ў Шальчынінкскім раёне. На адной сцэне свае таленты дэманстравалі калектывы Воранаўшчыны і ўдзельнікі музычна-этнаграфічнай экспедыцыі з Польшчы на творчым вечары “Рады мы сустрэчы з вамі” ў Воранаве. Нямала намаганняў было накіравана на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Самым значным вынікам стала прысваенне звання “Народны майстар Беларусі” захавальніцы лепшых традыцый ткацтва, жыхарцы Пагародна Станіславе Вікенц’еўне Міхне. Несумненна, галоўная падзея Года культуры — абласныя “Дажынкі”, дзе работнікі сферы культуры змаглі ў поўнай меры прадэманстраваць свой творчы патэнцыял. У мінулым годзе нашы калектывы: народны ансамбль народнай музыкі “Лявоны”, фальклорны калектыў “Адраджэнне”, узорны тэатр-студыя гульні “Гульнёвы кірмаш” — упершыню прынялі ўдзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Сёння, падводзячы вынікі Года культуры, выказваю ўдзячнасць работнікам гэтай сферы за праведзеную працу пры арганізацыі мерапрыемстваў, за падораныя гледачам прыемныя эмоцыі і добры настрой. Мы закрываем Год культуры, але, упэўнены, наперадзе нас чакае яшчэ шмат запамінальных праектаў, цікавых сустрэч, яскравых мерапрыемстваў, творчых перамог і дасягненняў.
На працягу года з асаблівым хваляваннем і замілаваннем мы назіралі за выступленнем юных талентаў. Героямі дня на свяце сталі выхаванцы Радунскай дзіцячай школы мастацтваў піяністка Дамініка Барташэвіч (настаўнік Л.І. Качурка), акардэаніст Аляксандр Чывель (А.С. Чывель), а таксама Забалацкага філіяла Радунскай ДШМ — акардэаністка Юлія Вадэйка (В.В. Пышынскі). Па выніках мінулага года ім была аказана матэрыяльная дапамога са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі за актыўны ўдзел у мастацка-творчых мерапрыемствах.
І вось паліліся першыя гукі песень. Народны майстар Станіслава Міхна не толькі цудоўна тчэ, але і хораша спявае. На сцэне яна прала кудзелю і, як гэта было звыкла ў беларускіх вёсачках, спявала прыгожую песню. Хутка гледачы віталі даўно любімыя калектывы, якія ўнеслі значны ўклад у культурнае развіццё Воранаўшчыны, неаднаразова былі лаўрэатамі і дыпламантамі розных конкурсаў: фальклорны гурт “Падзітвяначка”, народны ансамбль народнай музыкі “Лявоны”, народны ансабль народнай песні “Зараніца”, а таксама таленавітыя вакальныя гурты Жырмунскага цэнтра культуры “Рэчанька” і Радунскага “Радунскія хлопцы”. Заўсёды з асаблівай цеплынёй зал сустракае таленавітых дзяцей. Шчырыя апладысменты атрымалі вакальны ўзорны калектыў “Юность”, харэаграфічны “Равеснік”, эстрадны ансамбль Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама юныя выканаўцы з Жырмунскага і Больцішскага цэнтраў культуры Дар’я Кузьміцкая і Вікторыя Лісоўская. А салісты Аксана Козар з Доцішкага цэнтра, Ірына Урублеўская і Людміла Вароніна з Нацкага, Лілія Бярцэвіч з Тракельскага і Галіна Ненартовіч з Забалацкага выканалі лірычныя песні пра каханне. Да месца прыйшоўся гумар. Людміла Бярцэвіч і Віктар Лебя-дзевіч з Начы разыгралі вясёлую сцэнку пра мужа і жонку. “Гарачы” танец падаравала Марта Макрыцкая, а гарэзлівыя гукі акардэона Сяргея Кунея акунулі ў чароўны свет музыкі.
Развітальная музычная кампазіцыя народнага вакальнага ансамля “Цветные сны” паставіла кропку ў Годзе культуры, які на гэтай яскравай ноце саступіў сваё месца Году навукі.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.