З верай у цуды, з Богам у сэрцы

С праздником 23 декабря 16 1824
З верай у цуды, з Богам у сэрцы
img_7797

Па праўдзе кажучы, хоць даўно выйшла з узросту, калі верыш ў цуды, усё ж ад Божага Нараджэння і сёння чакаю чагосьці таемнага і неверагоднага. Для мяне яно было і застанецца самым сямейным і дабрачынным святам. І справа тут у еднасці родных сэрцаў, цёплых усмешках і шчырых пажаданнях на наступны год, якія могуць сыходзіць толькі ад родных людзей. Напэўна, таму заўсёды з задавальненнем знаёмлюся з людзьмі, якія таксама з радасцю сустракаюць Раство. У гэты раз шлях ляжаў у Пагародна да Алены Іванаўны і Франца Іванавіча Пташынскіх.

Ужо з парога дома адчувалася, што людзі тут жывуць прыветлівыя і гасцінныя. І наша размова атрымалася сапраўды душэўнай.

Аднолькавыя лёсы выпалі на долю Алены і Франца, скажам так, Іванавічаў. І гэта нялёгкая доля сіроцтва. Абодвух выхоўвалі толькі матулі. Пташынскія ўдзячны ім за тое, што, нягледзячы на складаныя пасляваенныя гады, у іх сем’ях захоўваліся традыцыі, дзецям прывівалася вера ў Бога.

— Мне было толькі тры месяцы, як не стала таты. Нас засталося сямёра дзяцей, трое з іх пасля памерлі. Маме прапанавалі малодшых аддаць у дзеддом — не згадзілася. Канешне ж, бедната страшэнная была. У трынаццаць год я працавала на ферме ў Ліпнішках — адтуль родам — і даіла 12 кароў! Як не стала мамы, нас, малодшых, выхоўваў брат, — з больш уласцівай жанчынам адкрытасцю дзеліцца гаспадыня. — А ад мамы мне засталіся на ўсё жыццё як наказ словы: “Дзеткі, глядзіце, каб акуратна ўсё рабілі”.

І Алена Пташынская старалася. Доўгі час адказна працавала загадчыцай на свінаферме “Грубянцы” мясцовай гаспадаркі, куды трапіла пасля заканчэння Ваўкавыскага зоаветэрынарнага тэхнікума. На-дзейнай апорай у працы быў муж, які таксама не баяўся ніякай работы. На дваіх у іх больш за 80 год працоўнага стажу.

Заховае Алена Іванаўна і другі наказ матулі: “Да Бога трэба, дзеткі, хіліцца”. Жанчына лічыць, што вера ёй дапамагае выстаяць у самыя цяжкія моманты ў жыцці. Асаблівыя адносіны ў Пташынскіх да посту, як часу прыгатавання да святаў. У адвэнце яны посцяць тры дні, як у народзе кажуць, жаночыя: сераду, пятніцу і суботу.

— Цяпер і пасціць лягчэй. Раней у хаце поснага масла ж не было, — прыгадала субяседніца. — Маці сушыла льносемя, клала яго ў анучу, дабаўляла соль. Затым у ступе церла. І ў гэтую сумесь мы макалі бульбу. Што пасмакавала б зараз, дык гэта саладуху. Ніякі сучасны квас яе не заменіць. Памятаю, муку запарвалі, дабаўлялі бульбяную кашу. Гэта ўсё змяшчалі ў драўляную дзяжу і накрывалі скарачом (сурвэтка з ільну. — Прыкм. аўт.).

Шчырае прыгатаванне, перакананы гаспадары, дапамагае найбольш поўна адкрыць сваё сэрца на Божае Нараджэнне. Раздзяліць радасць свята стараюцца і іх дзеці. Валянціна і Антон жывуць у Лідзе, таму і спяшаюцца дадому часцей. А вось Ганна паехала за мужам у Крым. Бацькі паклапаціліся, каб дачка сустрэла са сваёй сям’ёй свята, як належыць, — адаслалі аплатак. Каб далёка ад радзімы яна ўспамінала бацькоўскі дом, дзе на куцю ламаюцца аплаткам, традыцыйна сілкуюцца 12-цю стравамі, спяваюць калядныя песні. У доме Пташынскіх рэлігійныя калядныя спевы абавязковы яшчэ дзевяць дзён пасля Раства — так колісь, у дзяцінстве, навучыў гаспадыню маліцца спевам ксёндз. І, канешне ж, гучаць шчырыя словы малітвы.

— Для сябе ў Бога ніколі нічога не просім. Што будзем Богу лезці ў вочы? — з сялянскай мудрасцю і вясковай прастатой гавораць Алена Іванаўна і Франц Іванавіч. — Не просім багацця — як ёсць, пражывем. Хаця б у дзяцей усё было добра. Каб Ён іх пахіліў правільнай дарогай…

Гэтыя словы не маглі не пранікнуць у сэрца. Пэўна, так шчыра моляцца ўсе бацькі за сваіх дзетак. Няхай свет Віфліемскай зоркі яшчэ доўга асвятляе дарогу нам, дарослым дзецям, у бацькоўскія хаты!

Кажуць, што ў свята Раства Хрыстова ўсе просьбы спаўняюцца...

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.