Воранава чакае гасцей
18 лістапада Воранава запрашае на адно з самых чаканых і масавых свят Гродзеншчыны — «Дажынкі-2016».
Менавіта тут аграрыі Гродзенскай вобласці адсвяткуюць сваё прафесійнае свята. Культурная праграма «Дажынак» уразіць жанравай разнастайнасцю. Будуць прадстаўлены фальклорныя, эстрадныя і харэаграфічныя творчыя калектывы. Каля 500 артыстаў будуць задзейнічаны на канцэртных пляцоўках.
Ад парку да школьнага стадыёна раскінуцца гандлёва-выставачныя і культурна-забаўляльныя зоны.
З 9.00 пачнуць сваю працу выстаўка-кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі «Слаўлю працу тваю, хлебароб!», выстаўка-продаж харчова-прамысловых тавараў «Воранаўшчына гасцінная» і вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Жыватворныя крыніцы».
Гасцей свята будуць чакаць на тэматычных сельскагаспадарчых падворках раёнаў Гродзенскай вобласці «Будзь здаровы, гаспадар, будзь здарова, гаспадыня!». Сваёй разнастайнасцю здзівіць выстаўка-конкурс караваяў раёнаў «Жыві, яго Вялікасць Хлеб!». Яркі фон «здобнай» выстаўцы створаць фларыстычныя пано і дэкаратыўныя снапы, зробленыя калектывамі школ раёна.
Цэнтральную плошчу райцэнтра ўпрыгожыць галоўны знак свята — шмат’ярусны 4-метровы сноп, сабраны з хлебных ніў Воранаўшчыны.
У 11.00 у гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу адбу-дзецца выстаўка-прэзентацыя прамысловага патэнцыялу прадпрыемстваў раёна.
На школьным стадыёне моладзь Гродзеншчыны зможа пазмагацца за прызы ў «Сельскай вясёлай эстафеце». Тут жа адбудзецца фінал абласнога праекта БРСМ «Сельскія «Алімпійскія гульні».
Знакавай падзеяй абласнога фестывалю стане адкрыццё сацыяльна значнага аб’екта — гарадскога парку. Госці свята змогуць ацаніць яго пераўтварэнне пасля рэканструкцыі. Сапраўдным упрыгожваннем зоны адпачынку варанаўчан стане алея драўляных скульптур. Яна складзецца з работ, прадстаўленых усімі раёнамі вобласці. Кожны паспрабаваў перадаць у разных фігурах каларыт свайго краю.
Пасля рэканструкцыі парку змянілася і летняя эстрада. Сюды самых маленькіх гасцей свята запрашае «Гульнёвы падворак».
З 11.00 у г.п. Воранава будуць працаваць тры адкрытыя канцэртныя пляцоўкі: у гарадскім парку — «Ад зерня да каравая», па вуліцы Юбілейнай — «Роднай зямлі шматгалоссе», на цэнтральнай плошчы — «Свята склікае сяброў» і «Палітра талентаў». Адзін аднаго на сцэне будуць змяняць лепшыя творчыя калектывы Гродзеншчыны.
Усе жыхары і госці райцэнтра ў 13.15 змогуць павітаць святочную калону ўдзельнікаў урачыстага шэсця пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2016 года.
Галоўная ўрачыстасць свята будзе праходзіць у гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу. Цырымонію ўзнагароджвання перадавікоў сельскагаспадарчай галіны Гродзеншчыны ўпрыгожыць святочны канцэрт. На сцэне абноўленага цэнтра культуры выступіць ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы» з Гродна, здзівіць віртуознай ігрой на скрыпках група PALLADIUM Electric Band, парадуе спевам Іскуі Абалян.
З 18.30 на галоўнай сцэне свята (цэнтральная плошча) у рамках акцыі ФПБ «Мы — вместе!» выступяць артысты беларускай эстрады Вольга Плотнікава, Саша Нэма, група Bycity. На гэтай жа сцэне адбудзецца ўшанаванне працоўных дынастый Воранаўскага раёна, маладых спецыялістаў і іх настаўнікаў.
Яркім акцэнтам завяршэння сельскагаспадарчага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2016» стане святочны феерверк.
Для жыхароў Воранаўскага раёна свята не завяршыцца. 19 лістапада пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 480-годдзю гарадскога пасёлка. Удзел у свяце прымуць і госці з-за мяжы, прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў з Літвы, Расіі, Казахстана. На сцэне гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу будуць адзначаны заслужаныя людзі раёна. Незабыўнае шоу падорыць гледачам Гродзенскі музычны тэатр «Рада».