На экватары Тыдня культуры, у Воранава як і планавалася, прайшоў дзень дзіцячай творчасці.

На экватары Тыдня культуры, у Воранава як і планавалася, прайшоў дзень дзіцячай творчасці.


Цікавым ён быў, ці не? Напэўна, для тых, хто застаўся дома, не. А вось тыя, хто не паленаваўся ў час канікул і прыйшоў на свята, засталіся задаволенымі. Нават капрызы надвор’я і рамонтныя работы ў цэнтры Воранава, якія зараз праводзяцца, не змаглі перашкодзіць добраму настрою жыхароў “Цудоўнай краіны”.

Паўтары гадзіны з гульнёвымі перапынкамі малеча з яслей-садоў нумар 1 і 2 г.п. Воранава атрымлівала асалоду ад мульціплікацыйнай праграмы “Казачная карусель”. Увазе дзяцей былі прадстаўлены як сучасныя мультфільмы “Щенячий патруль”, “Маша и Медведь”, “Алиса знает, что делать”, “Табалуга”, так и класіка жанру — “Ну, погоди!”.

Па палудні маленькіх тэатралаў у зале Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў сабраў спектакль-мюзікл “Волк и семеро козлят” — вядомая казка, аздобленая вясёлымі і кранальнымі песнямі Аляксея Рыбнікава на вершы Юрыя Энціна. Гэта кароткая гісторыя, у якую змясціліся бесклапотнае, крыху хуліганскае і задзірыстае дзяцінства, пяшчота, клопат і цеплыня, любоў і сяброўства. Парадавала таленавітае выкананне ўсіх акцёраў, але найбольш — самых маленькіх: Дзяніса Філона, Маргарыты Комар, Эвяліны Лялько і Ксеніі Патапчык.

Даспадобы хлопчыкам і дзяўчынкам прыйшлася акцыя БРСМ “Дзеці — наша багацце”: усе пысутныя атрымалі ласункі.

Завяршальным акордам дня стала канцэртная праграма. На сцэну адзін за другім выходзілі юныя артысты — Маргарыта Комар, Дзмітрый Камінскі, дзіцячы гурт эстрадных спеваў “Solo”, танцавальны гурт “DECADANCE”, і кожны з іх абавязкова хацеў падарыць гледачам часцінку сябе. Гучалі песні пра каханне, любоў да Радзімы, мір на зямлі і добры настрой усіх людзей. А запальны танец дзяўчат прымусіў нават самага лянівага падтанцоўваць. Напрыканцы меладычныя гукі акардыёна перанеслі слухачоў у краіну мараў. На тым і развіталіся.

Галіна ШЛЕМПА.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА і аўтара.