Конкурс “Чароўны мiкрафон” на Воранаўшчыне
Больш за восемдзесят артыстычных і таленавітых выхаванцаў устаноў культуры і школ Воранаўшчыны ў мінулую нядзелю яскрава прадэманстравалі свае вакальныя здольнасці. Юныя спевакі ў трох узроставых катэгорыях змагаліся за перамогу ў конкурсе дзіцячай эстраднай творчасці “Чароўны мікрафон”.
У гэты дзень гучалі меладычныя, лірычныя песні пра родны край, прыгажосць прыроды. Многія вакалісты ўспомнілі баявы подзвіг савецкіх салдат. Самыя маленькія канкурсанты скаралі сэрцы гледачоў добрымі, па-дзіцячы наіўнымі песнямі. Сапраўднае суквецце талентаў сабралася ў старэйшай групе. Моцныя пранікнёныя галасы выканаўцаў хвалявалі ды паланілі душы слухачоў, а прадуманыя нумары прыцягвалі пільную ўвагу да дзейства, што адбывалася на сцэне.
Найбольшую колькасць узнагарод заваявалі выхаванцы Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў: юны “марак” Уладзіслаў Дайлідка, рамантычныя Луіза Барнатовіч, Караліна Кавальчук, Ангеліна Івуць, а таксама ансамбль “Родник” з вясковым гумарыстычным нумарам. Даспадобы прыйшоўся і школьны блюз, выкананы Яўгенам Крысінелем з Воранаўскай школы. Гучныя апладысменты былі адрасаваны Карыне Халецкай і Анастасіі Войшніс (гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу), трыа “Радунскі вянок” (цэнтр нацыянальных культур). Запаліліся яркія зорачкі Дар’і Вансовіч, Караліны Вайткун, Вікторыі Лісоўскай, Ганны Радзюк, Данілы Трахімчыка, выхаванцаў Нацкага, Доцішскага, Больцішскага і Канвелішскага цэнтраў культуры, а таксама Паліны Себянковай, Аляксандры Лазоўскай, Ульяны Роўбуць, Уладзіслава Клімашэўскага, навучэнцаў Бастунскага, Місявіцкага, Тракельскага НПК і многіх іншых.
Юным таленавітым артыстам застаецца толькі пажадаць, каб гэты “Чароўны мікрафон” паклаў пачатак іх зорнаму шляху.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота аўтара.