“Ад прадзiва да ткацтва”

Знай наших! 22 апреля 16 1756
“Ад прадзiва да ткацтва”


Пад такой назвай у Гродне прайшло рэгіянальнае свята народнай творчасці. У мерапрыемстве прынялі ўдзел школьнікі, якія ўжо ўмеюць плесці паясы і ткаць насоўкі, народныя ўмельцы з дзевяці раёнаў Гродзеншчыны. Сярод іх — нашы зямлячкі, удзельніцы фальклорна-абрадавага гуртка “Спадчына” Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці — народны майстар Рэспублікі Беларусь С.В. Міхна, майстры народнай творчасці Я.Л. Коўза і Г.Я. Грыгілевіч.

На свяце госці паспрабавалі льняны хлеб ды бульбу ў ільняной абсыпцы. Палюбаваліся калекцыямі сучаснага льнянога адзення, што прадставілі Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці і Гро-дзенскі каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну. Цікава было назіраць за пастаноўкай, у якой расказвалася пра шлях, што праходзіць лён, каб з блакітнай кветачкі стаць ніткай для ткацтва.

Затым за справу ўзяліся народныя ўмельцы, якія падзяліліся сакрэтамі свайго майстэрства. “Спяваў” калаўротак у руках Гэлены Янаўны Гры-гілевіч, калі яна дэманстравала, як прадзецца шэрсць. Ядвіга Людвікаўна Коўза і Станіслава Вікенц’еўна Міхна прапаноўвалі гасцям павучыцца ткацкай справе. Прысутныя на свяце з задавальненнем садзіліся за ткацкі станок. Маўляў, калі ж яшчэ выдасца такая цудоўная магчымасць! А далучыццца да гэтага старажытнага майстэрства і адчуць непарыўную повязь са сваімі продкамі мелі магчымасць усе прысутныя.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота з архіва Воранаўскага РЦКіНТ.