Свята, падоранае юным чытачам

Свята, падоранае юным чытачам

У Воранаўскай дзіцячай бібліятэцы.


Традыцыйна ў апошні тыдзень сакавіка бібліятэкі краіны запрашаюць у госці самых юных чытачоў. Сёлета ў скарбніцах мудрасці нашага раёна Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі праходзіў пад дэвізам “Нам кніга свята падарыла”. Дзеці ўдзельнічалі ў рознага кшталту мерапрыемствах: літаратурных конкурсах, шоу-віктарынах. Бібліятэкары абуджалі цікавасць у школьнікаў да чытання, прыдумваючы незвычайныя і запамінальныя сустрэчы.

Напэўна, самы адказны і ўрачысты — першы дзень свята. Таму бібліятэкары стараліся, каб гэтая падзея маленькім гасцям вельмі спадабалася. Заклікалі ў дом кнігі чытачоў праз тэатралізаваныя прадстаўленні, літаратурныя аўкцыёны, ранішнікі, дні адкрытых дзвярэй і іншае. “Кніжкіны імяніны” адзначалі ў Бастунскай і Тракельскай бібліятэках. Падарожжа па старонках любімых кніг, адкрыццё новых твораў прапаноўвалі Забалацкая, Паляцкішская, Больцініцкая, Доцішская, Пагаро-дзенская, Канвелішская, Навіянкаўская, Нацкая і Радунская бібліятэкі. “Зорны час” быў абвешчаны для чытачоў Місявіцкай бібліятэкі. А вось Воранаўская дзіцячая бібліятэка прымала новых чытачоў, хлопчыкі і дзяўчынкі спяшаліся пазнаваць свет, створаны аўтарамі ў творах, знаёміліся з кнігамі-імянінніцамі, адным словам, кружыліся ў “літаратурнай каруселі”.


У Пагародзенскай бібліятэцы.


Першакласнікам бліжэй за ўсё казкі. Па веданні іх, як паказала праведзеная загадчыцай Воранаўскай дзіцячай бібліятэкі Аленай Велігор віктарына, не саступалі і вучні 2 класа. Найбольшымі іх знаўцамі выступілі Адрыяна Бразевіч, Дзмітрый Заблоцкі, Дар’я Барысевіч і Кірыл Садоўскі. Да таго ж, як выявілася, яны і артысты цудоўныя. Інсцэніраваная казка “Рэпка” прынесла шмат задавальнення як самім удзельнікам, так і гледачам.

Галоўнае, што імкнуліся данесці дзецям усе бібліятэкары раёна падчас Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі, — у бібліятэцы іх заўжды чакаюць сюрпрызы і новыя адкрыцці.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара і з архіва

ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.