Даследавалi страчаную спадчыну

Страницы истории 16 февраля 16 1879
Даследавалi страчаную спадчыну


Своеасаблівая краязнаўчая экспедыцыя адбылася ў мінулую пятніцу ў Радунскай гімназіі ў рамках абласнога краязнаўчага конкурсу “Галасы гісторыі”.

Яна была прысвечана 888-годдзю горада Гродна. Вучні 10-ці школ раёна прадставілі сваё бачанне экскурсіі па абласным цэнтры і адшукалі аб’екты, якія сапраўды можна аднесці да страчанай культурнай і гістарычнай спадчыны.

Канешне ж, конкурсу папярэднічала вялікая работа. Старшакласнікі разам са сваімі настаўнікамі распрацоўвалі маршруты для экскурсій, стваралі “партфель экскурсавода”. Усе імкнуліся, каб уяўным турыстам было цікава.

Дзе толькі ў той дзень завочна не пабывалі гледачы! Наведалі палацы знакамітых Радзівілаў і праслаўленага Тызенгаўза. Пазнаёміліся з гісторыяй і архітэктурай Ніжняй, Верхняй, Прачысценскай, Аляксандра Неўскага цэркваў, фары Вітаўта, Барысаглебскага манастыра, касцёла і кляштара кармелітаў босых, Дамініканскага касцёла, кляштара ордэна святой Брэгіты. Шпацыравалі каля гарадской ратушы, старога і новага вакзалаў. Шмат чаго даведаліся пра карчму “Галеча”, гатэль “Еўрапейскі” і многае іншае.

Ды “прафесіяй” экскурсавода, на жаль, змаглі дасканала авалодаць не ўсе канкурсанты. Журы прысудзіла трэцяе месца Воранаўскай і Пяляскай школам. Юныя экскурсаводы Канвелішскага навучальна-педагагічнага комплексу занялі другое месца. Найбольш удалы экскурсійны маршрут быў распрацаваны радунскімі гімназістамі. Яны і прадставяць наш раён у вобласці. Пажадаем ім поспехаў!

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымку: выступаюць радунскія экскурсаводы.

Фота аўтара.