Самы чытаемы пiсьменнiк

Самы чытаемы пiсьменнiк


30 студзеня споўнілася 95 год з дня нараджэння Івана Шамякіна

Іван Пятровіч Шамякін — народны пісьменнік Беларусі, класік нацыянальнай літаратуры. Двойчы яму прысуджалася Дзяржаўная прэмія БССР. Літаратурныя заслугі адзначаны Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы. У 1994 годзе ён быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне літаратуры. Яшчэ пры жыцці быў адным з папулярных творцаў нашай краіны і за яе межамі. Яго творы перакладзены больш чым на 30 моў свету, выдаваліся ў Савецкім Саюзе шматтысячнымі і мільённымі тыражамі. У канцы 1970-х гадоў сярод пісьменнікаў па чытаемасці ў СССР ён займаў пятае месца.

Жыццё Івана Пятровіча — гэта шлях ад вясковага хлапчука з сям’і лесніка да знакамітага пісьменніка. Нарадзіўся ён у вёсцы Карма на гомельскім Палессі (Добрушскі раён). Сям’я пераяз-джала з месца на месца бацькавай службы. У дзяцінстве сэрца Шамякіна запаланілі родныя краявіды: рака Сож, дубы і вольхі на яе беразе, лясныя дарогі і сцежкі. Бацька спадзяваўся, што яго Іван стане ляснічым. Аднак сын паступіў вучыцца ў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Больш за тое, ён захапіўся мастацкай літаратурай і сам пачаў пісаць вершы. У газеце «Гомельская праўда» надрукаваў свае першыя паэтычныя творы. Пасля юнак аддаў перавагу прозе, пісаў па-беларуску.

У гады Вялікай Айчыннай вайны I. Шамякін у складзе зенітна-артылерыйскай часці абараняў ад ворага неба над Мурманскам і іншымі гарадамі на поўначы СССР. Затым удзельнічаў у вызваленні Польшчы. Салют Перамогі ён сустрэў на рацэ Одэр, што ў Заходняй Еўропе. У ваенны час вёў дзённік, пісаў вершы, асобныя з якіх змяшчаў у армейскім друку.

Вярнуўся  з вайны на роднае Палессе, тады яму ішоў дваццаць пяты год. І. Шамякін абраў мірную прафесію настаўніка — працаваў у школе ў вёсцы Пракопаўка Церахаўскага раёна. У 1946 годзе паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута. У гады вучобы ім завалодала іскра літаратурнай творчасці. Ён жыў адным вялікім жаданнем — «пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць, не спыняцца ні на хвіліну». Працаваў малады аўтар надзвычай шмат, натхнёна і апантана. Вельмі яго акрыліў першы творчы поспех — у канцы 1945 года часопіс «Полымя» надрукаваў аповесць «Помста».

I вось у пасляваенныя гады малады літаратар узяўся за асваенне буйнога эпічнага жанру: пачаў пісаць маштабны твор пра партызанскую барацьбу на акупіраванай тэрыторыі. Поспех «Глыбокай плыні» (1946-1949) быў проста ашаламляльны. У 1951 годзе за гэты раман Івану Пятровічу была прысуджана прэстыжная на той час Сталінская прэмія (пазней яе назвалі Дзяржаўнай прэміяй СССР). Пісьменніку не было і трыццаці, калі да яго прыйшла літаратурная слава. Яго творы складаюць мастацкі летапіс жыцця і лёсу беларускага народа ў XX стагоддзі. Дастаткова назваць раманы «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Злая зорка», цыкл аповесцей «Трывожнае шчасце», аповесць «Гандлярка і паэт» і іншыя.

Жыццё I. Шамякіна было надзвычай насычанае, аднак заўсёды ў ім значнае месца займала літаратура. Яго творчая і грамадская дзейнасць — прыклад самаадданага служэння беларускай культуры і свайму народу.

Вольга ЮРГО,

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ДУК «Воранаўская раённая бібліятэка».