А iмя i песнi засталiся

Социальная сфера 19 января 16 2228
А iмя i песнi засталiся


Год культуры супрацоўнікі Воранаўскай цэнтральнай бібліятэкі пачалі з імпрэзы да 75-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна.

Вечар-прызнанне, прысвечаны творчасці знакамітага спевака, кіраўніка ансамбля “Песняры”,  праходзіў у чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі. На песнях Уладзіміра Мулявіна вырасла не адно пакаленне, таму рознаўзроставымі былі і госці мерапрыемства. Прысутнічалі і тыя, на чыю маладосць прыйшоўся росквіт творчасці музыканта, і тыя, хто з ёю пазнаёміўся ў раннім дзяцінстве.

Для стварэння настальгічнага настрю супрацоўнікі бібліятэкі папрацавалі над інтэр’ерам залы: да месца прыйшліся і шматлікія фотаздымкі, і вінілавыя пласцінкі, і перыядычныя выданні 70-х. Чаго варты былі прайгравальнік і выстаўка-чамадан!

Аповяд вядучых аб жыццёвых вехах музыканта чаргаваўся з яго песнямі. “Белавежская пушча”, “Александрына”, “Спадчына”,  “Малітва”… Слухаючы гэты  голас — пранікнёны, магутны, асаблівай унутранай сілы, немагчыма было засумнявацца ў тым, што “Песнярам” наканавана гучаць яшчэ доўга. Бо гэта наша класіка, наша прыгожае, сакавітае беларускае слова, што жыве ў песеннай спадчыне.

Вольга ВАРАБ’ЁВА.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.