У Новы год — са сваёй газетай!

Актуально 18 декабря 15 1827
У Новы год — са сваёй газетай!


Ад святочнага настрою і прадчування цудаў нам ужо не схавацца. На парозе ж Новы год! Усе плануем, як яго сустрэнем, у чым будзем апрануты. А галоўнае — з кім будзем святкаваць. Канешне ж, пастараемся зрабіць усё неабходнае, каб падчас свята панавала цёплая і добразычлівая атмасфера, з твараў не сыходзілі ўсмешкі, каб гэты Новы год стаў самым-самым... А будзе магчыма гэта, калі разам з намі будуць блізкія і родныя людзі. Хацелася б, каб вы, паважаныя чытачы, не забыліся ўзяць з сабой у новы год яшчэ аднаго старога сябра — раённую газету.

На працягу ўсяго года “Воранаўская газета” расказвала вам пра свежыя навіны з жыцця раёна, дасягненні нашых землякоў, пра лепшых працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый. Яна імкнулася стаць і вашай вернай сяброўкай, і дарадчыцай, і памагатай. Спадзяемся, што вы і надалей будзеце сябраваць з раёнкай.

Праводзячы падпісную кампанію, карэспандэнты “ВГ” амаль штодня выязджаюць у розныя куткі раёна, у госці да сваіх чытачоў. На гэты раз пабывалі ў вёсках Германішкі і Навіянка Пераганцаўскага сельсавета, у Тусуманцах Беняконскага.

— Як выйшлі на пенсію, то стала больш часу на ўсё, у тым ліку на чытанне. Як тут не выпісаць і не прачытаць нашу газету? Тым больш што ў ёй надрукаваны навіны не толькі Воранаўшчыны, але і ўвогуле краіны. Дый пра знаёмых людзей шмат чаго даведаешся, — расказвалі наперабой нашы верныя падпісчыцы, жыхаркі Германішак Данута Міхайлаўна Кажэнік, Марыя Станіславаўна Міхалоўская і Зоя Баляславаўна Мамчыц.



Прыемна, што “Воранаўскую” ў Тусуманцах чытае большая палова вёскі. Артыкулы журналістаў знаходзяць шчырыя водклікі ў дзесяці дварах з сямнаццаці. Вольга Юзэфаўна Бобніс вольную хвіліну пасля клопатаў па гаспадарцы любіць правесці за любімай газетай. Прыйшлася раёнка па густу і Нэлі Казіміраўне Ясюкайць. Адно шкадуе жанчына, што зрок ужо не той для чытання. Аднак адмовіцца ад “Воранаўскай” не можа.

Так атрымалася, што ў гэты дзень у Навіянцы паштальён Валянціна Лявонаўна Сушынская выдавала сяльчанам грошы за здадзенае малако. Як кажуць, не адыходзячы ад касы, раёнку выпісалі 25 чалавек. Гэлена Уладзіславаўна Валынец вырашыла падпісацца на паўгода і паспрабаваць свой лёс у розыгрышы прызоў.

— Падабаецца газета, — заўважыла жанчына. — Многае можна ўзяць для сябе. Скажу па праўдзе, ніколі не прапускаю гараскоп. Добра, што пішаце пра нас, простых людзей. Дзякуй, што не абмінулі Навіянку. Як бачыце, кожны гаспадар тут дбае пра парадак. Праўда, дарога на цэнтральнай вуліцы патрабуе рамонта. Вёска ж наша немалая, госці прыязджаюць, сваякі, а тут столькі выбоін... Спадзяемся, што ўлады знойдуць сродкі, каб палепшыць стан дарогі. Галоўнае ж, чаго хочацца, каб жыццё ў нашай Навіянцы не спынялася і не папоўніла яна рады неперспектыўных…



На развітанне мы пажадалі нашым падпісчыкам, каб наступаючы 2016-ты прынёс новыя спадзяванні, а навіны былі толькі радаснымі і прыемнымі.

Марына

КАНДРАТОВІЧ.

На здымках: раёнку чакаюць у Германішках; начальнік перасовачнага аддзялення пачтовай сувязі В. Вяк аформіла падпіску на “Воранаўскую” Г. Валынец.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.