Навагодняя госця ўжо ў дарозе

Актуально 15 декабря 15 1417
Навагодняя госця ўжо ў дарозе


Традыцыйныя ёлачныя кірмашы пачнуць працаваць ужо на гэтым тыдні. Да навагодніх свят кожны жадаючы зможа выбраць зялёную прыгажуню на свой густ. Попыт на ігліцы чакаецца на ўзроўні леташняга.

З 18 снежня жыхары райцэтра змогуць купіць святочнае дрэўца каля “Мясной лаўкі”, што ля аўтавакзала. Рэалізацыяй займаецца Воранаўскі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства. Плануецца, што кірмаш будзе працаваць з 9.00 да 14.00 кожны дзень без выхадных да апошняга дня адыходзячага года. Цэны будуць вагацца ад 60 да 90 тысяч рублёў у залежнасці ад вышыні. З 20 снежня ёлкі можна будзе набыць і ў лясніцтвах раёна.

— Дэфіцыту не будзе, — запэўнілі ў чатырох лясніцтвах. — У продажы будуць не толькі ёлкі, але і сосны. Для набыцця ігліцы напярэдадні каталіцкага Ражаства неабходна звярнуцца ў Радунскае, Жырмунскае, Воранаўскае або Беняконскае лясніцтва, дзе і можна будзе выбраць на свой густ дрэўца. Кошт яго вышынёй ад 0,5 да 1 м — 54 тыс. руб., да 2 м — 72 тыс. руб., да 3 м — 90 тыс. рублёў, да 4 м — крыху больш за 140 тысяч, да 5 м — цана павялічыцца да 180 тысяч, ну а за ёлку памерам у 8 м прыдзецца аддаць амаль 500 тысяч рублёў.

Дарэчы, набываючы ёлку, трэба абавязкова захаваць ордэр або чэк для пацверджання, адкуль яна, удакладнілі спецыялісты лясной гаспадаркі.

— У некаторых грамадзян яшчэ ўзнікае спакуса займець ялінку на свята незаконным шляхам, — адзначаюць супрацоўнікі лясгасу, а таксама аховы прыроды і навакольнага асяроддзя. — Каб пазбегнуць незаконных высечак перад навагоднімі святамі з 20 снежня ўзмацняецца патруляванне лясных масіваў з мэтай выяўлення і прыцягнення да адказнасці парушальнікаў. Згодна са ст.15.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях незаконнае знішчэнне, у тым ліку вырубка або пашкоджанне драўнінна-хмызняковай расліннасці ў лясах першай групы дзяржаўнага ляснога фонду, прадугледжаны штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь плюс кошт елі. Рэйды працягнуцца да заканчэння навагодніх святаў. Пагэтаму перш, чым ісці ў лес за ёлкай, падумайце, ці патрэбны вам “наламаныя дровы” і сваімі ж рукамі сапсаваныя святы.

Да слова, можна падумаць аб куплі штучнага навагодняга дрэва. Штучная ёлка вышынёй 1,2 м на рынку каштуе ад 600 тыс. рублёў, дрэва вышынёй каля 2 метраў абыдзецца ў 1,5-2 млн. рублёў.

Галіна ШЛЕМПА.