Погляд на Купалаўскія чытанні

Принёманский регион 06 ноября 15 2019
Погляд на Купалаўскія чытанні


У мінулым месяцы аматары купалаўскага слова, навукоўцы і настаўнікі збіраліся ў Гродне на навуковай канферэнцыі. Падчас рэспубліканскіх Купалаўскіх чытанняў не толькі ўсебакова разглядалася творчасць беларускага песняра, але і былі абмеркаваны лепшыя педагагічныя напрацоўкі. Наш раён у такім мерапрыемстве прыняў удзел упершыню. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Паляцкішскай сярэдняй школы Аляксандра Чаславаўна Янкелайць прэзентавала сваю працу “Фарміраванне маральных якасцей асобы вучня на ўроках беларускай літаратуры праз рэалізацыю выхаваўчага патэнцыялу ўрока”.

Для Аляксандры Чаславаўны гэта быў першы сур’ёзны, да таго ж удалы крок у навуку. Але невыпадковы. Настаўніца дзень за днём, аддана працуючы, яго набліжала.

У 2001 годзе выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы прыйшла на працу ў Паляцкішскую школу. Тут набіралася вопыту, тут адбылося яе станаўленне як настаўніка. Таленавітага і ўлюбёнага ў сваю справу педагога спачатку высока аца-ніла кіраўніцтва школы. Двойчы даверыла настаўніцы пачэсную місію — прадстаўляць сваю школу на раённым этапе конкурсу “Настаўнік года”. Першая спроба была, як кажуць, не комам — Аляксандра Чаславаўна заваявала 2-ое месца, а другая — вывела яе ў лідары.

— Ужо пасля першага ўдзелу ў прафесійным конкурсе мае настаўніцкія здольнасці заўважылі на раённым узроўні, — расказвае А. Янкелайць. — Было вельмі прыемна чуць пра сваю працу станоўчыя водгукі. Гэта, безумоўна, запаліла ўва мне жаданне не спыняцца на дасягнутым, самаўдасканальвацца. Калі ж атрымала прапанову прыняць удзел у Купалаўскіх чытаннях, не вагаючыся, зга-дзілася. Бо гэта іншы вопыт у педагагічнай дзейнасці. Канешне, папрацаваць давялося нямала. Скажу чэсна, з такога кшталту навуковай работай сутыкнулася ўпершыню. Ды нам, настаўнікам, не прывыкаць пераадольваць складанасці. Прычым у мяне была добрая падтрымка — работу курыраваў кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры ГрДзУ Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі. Ён аказаў мне значную дапамогу ў падрыхтоўцы да мерапрыемства.

Купалаўскія чытанні прыемна ўразілі маю субяседніцу. Па-першае, яна атрымала асалоду ад акапэльнага выканання студэнтамі гродзенскага ўніверсітэта песень, напісаных на вершы вялікага паэта. Па-другое, самае галоўнае, шмат чаго карыснага можна было ўзяць для сябе як для пашырэння кругагляду, так і для ўдасканалення педагагічнага майстэрства. Да таго ж, яе работа ўвойдзе ў зборнік навуковых прац па выніках Купалаўскіх чытанняў.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.