Гумар — Крапівы, інтэрпрэтацыя — вучнёўская

Наши конкурсы 03 октября 15 2376
Гумар — Крапівы, інтэрпрэтацыя — вучнёўская


Традыцыйны конкурс дэкламатараў “Рух душы” з самага пачатку абяцаў шмат гумару і ўсмешак. Сёлетняе свята паэзіі было прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння выдатнага творцы, байкапісца Кандрата Крапівы. Юныя чытальнікі змаглі перадаць настрой сатырычных вершаў і баек пісьменніка. Пры гэтым прыўнеслі ў творы часцінку сваёй душы.

Дэкламатары павінны быць сапраўднымі артыстамі, якія валодаюць голасам, могуць перадаць настрой галоўных герояў і, безумоўна, трымаюць на працягу ўсяго свайго выступлення ўвагу гледачоў. Найбольш удала выступіць у гэтай ролі атрымалася ў вучняў Канвелішскага НПК. Усе катэгорыі ім скарыліся. Разам з Данілам Трахімчыкам перажывалі за неабдуманыя ўчынкі Мурашкі. Юстына Огар падмацавала сваё выступленне ілюстрацыямі. А Паўла Мікалаевіча, на думку журы, сцэна любіць. Давялося згадзіцца з мараллю байкі, напісанай Эдзітай Аўкштулевіч: хоць і не паважаюць Лісу за плёткі, ды пабойваюцца, бо муж — Леў.

Гледачы з асалодай слухалі ўсіх дэкламатараў. Спадабаліся, акрамя канвелішскіх вучняў, інтэрпрэтацыі баек Кандрата Крапівы Эвеліны Лялько з Воранаўскай школы, Мікалая Сянюты з Пагародзенскай, Аляксандры Зубко і Анжалікі Янкелайць з Паляцкішскай школы, Ангеліны Белязюн і Аляксея Бенкевіча з Радунскай гімназіі, Арцёма Шымялевіча з Доцішскай школы, Валерыі Карпінскай з Клайшанскай і Ліяны Саковіч з Радунскай школы-інтэрната. Няблага пасрабавалі свае сілы ў напісанні ўласных баек Ягор Пачобут з Больцішак, Уладзіслаў Гурэцкі з Пагародна. Цікавай была задумка вучняў Радунскай гімназіі Яўгеніі Учкуроніс і Вячаслава Налівайкі ў стварэнні папуры баек па творах беларускага сатырыка.

З цудоўным настроем пакідалі свята паэзіі і ўдзельнікі конкурсу, і гледачы. “Рух душы” паказаў, што творчасць Кандрата Крапівы не губляе актуальнасць і сёння. Можа, пад уплывам яго твораў, нарадзіліся новыя сатырыкі?

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.