Мора літоўскіх традыцый у беларускіх берагах

Духовность 02 октября 15 2459
Мора літоўскіх традыцый у беларускіх берагах


Ветліва і гасцінна сустракалі ў мінулую нядзелю жыхары вёскі Пеляса сваіх шматлікіх гасцей. Знакамінае на ўсю Беларусь мястэчка, дзе стагоддзямі жывуць літоўцы, адзначала свята.

Тут, у сярэдняй школе, дзеці вывучаюць сваю родную літоўскую мову, пры тым аддаючы павагу і беларускай. Са-праўднай жамчужынай гэтых мясцін з’яўляецца каталіцкая святыня, якую ў далёкім 1910 годзе сваімі мазалямі, потам і крывёю пабудавалі мясцовыя жыхары. У пасляваенныя часы касцёл быў закрыты, і толькі ў 1989 годзе ён зноў адчыніў дзверы сваім парафіянам. Дарэчы будзе сказаць, што гэтая святыня носіць імя другога Айца Рымскага — святога Лінаса, дзень памяці якога адзначаецца 23 верасня. Кожны год у верасні грамадскім аб’яднаннем літоўцаў “Гімціне” (старшыня І. Мацюлевіч) і пробашчам мясцовага касцёла тут ладзіцца парафіяльнае свята, на якое прыязджаюць шматлікія госці. Гэты год не быў выключэннем.



У мінулую нядзелю да пяляскай святыні з’язджаліся з розных куточкаў паважаныя госці: дэлегацыя раённай улады на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Мечыславам Уляшкам, намеснік пасла Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Віліюс Самуйла, саветнік Дэпартамента літоўцаў за мяжой Міністэрства замежных спраў ЛР Марус Юшка, генеральны консул Літоўскай Рэспублікі ў Гродна Генадзіюс Мацкяліс, прадстаўнікі Лідскага пагранічнага атрада і іншыя. Павіншаваць землякоў з нагоды парафіяльнага свята прыехалі шматлікія прадстаўнікі літоўскіх дыяспар з Гродзеншчыны, а таксама літоўскія сябры з грамадскіх арганізацый Вільнюса, фальклорны гурт “Ритинго” ўніверсітэта Ромеро з Вільнюса і народны калектыў “Дзукия” з Алітуса.



Распачалося святкаванне, вядома ж, з набажэнства, якое традыцыйна праводзілася на дзвюх мовах — літоў-скай і беларускай. Святую імшу праводзіў пробашч касцёла  Эліюс Маркаўскас. А вось з гаміліяй да прысутных звярнуўся ксёндз Юрый Ёдзік, які прыехаў на свята з Астраўца, каб правесці гэты дзень разам з парафіянамі касцёла Святога Лінаса. У прамове святар яшчэ раз нагадаў гісторыю святога, які адышоў з гэтага свету, усклаўшы на алтар служэння Богу і людзям сваё жыццё. Разважалі вернікі разам са светаром аб добрым і злым, аб тым, якія ўчынкі патрэбна рабіць, каб жыць у згодзе з сабой і навакольным светам. На працягу богаслужэння маліліся за мір і супакой у Беларусі і Літве, за кіраўнікоў краін, людзей, якія ў іх жывуць. Літургія завяршылася працэсіяй вакол касцёла.

Свята прадоўжылася традыцыйным фэстам літоўскай культуры, падчас якога гучалі вершы і песні ў выкананні музычнай капэлы вучняў і настаўнікаў Пяляскай школы. Парадавалі гледачоў і фальклорны гурт “Ритинго”. Многія з прысутных у зале раней нават не бачылі такіх інструментаў, на якіх ігралі музыкі, а чароўны спеў дзяўчат з гэтага гурта чараваў сваёй прыгажосцю. А вось у час выступлення алітускага калектыву, у якім, дарэчы, удзельнічаюць людзі старэйшага ўзросту, ногі амаль самі ў скокі ішлі. Акунуўшыся ў сапраўднае мора літоўскіх традыцый, госці атрымалі не толькі задавальненне, але і яшчэ большы зарад бадзёрасці і весялосці. Пасля канцэрта гасцей чакаў абед з традыцыйных літоўскіх страў.

Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.