14 верасня Касцёл адзначыў свята Узвышэння Святога Крыжа

Духовность 02 октября 15 2734
14 верасня Касцёл адзначыў свята  Узвышэння Святога Крыжа


У гэты дзень у Жырмунскай парафіі, у якой касцёл носіць імя Адшукання Святога Крыжа, а 15 гадзіне пачалося святкаванне ўрачыстасці. Святую імшу ўзначаліў ксёндз-дэкан Радунскага дэканата Генрых Яблонскі. Раздзяліць радасць з парафіянамі прыехалі ксёндз Юрый Ясевіч з Гродзенскага кафедральнага касцёла, дарэчы, наш зямляк — паходзіць з аг. Беняконі, кс. Аляксандр Сушынскі — новы пробашч Германішскай парафіі, а таксама светары Павел Эсмант і Анджэй Вітэк.

Лічыцца, што 14 верасня 335г. была ўрачыста асвечана святыня над пячорай Труны Пана, дзе ўстанавілі знойдзены Крыж Збаўцы. У Рыме свята Узвышэння Святога Крыжа было ўведзена Папам Грыгорыем І.

Маці імператара Канстан-ціна Алена ў 325г. ужо на схіле жыцця накіравалася ў Іерусалім з надзеяй адшукаць Крыж, на якім быў укрыжаваны Ісус. За два стагоддзі да таго імператар Адрыян загадаў засыпаць месца пахавання Хрыста і пабудаваць там храмы Юпітэра і Венеры. Тым не менш Алена змагла адшукаць месца пахавання цела Хрыста, пабудавала над ім святыню і ўнесла ў яе Крыж Збаўцы. Пасля яе смерці з’явіліся гісторыі аб знаходжанні Крыжа, паводле якіх былі адкапаны тры крыжы. А Крыж Хрыста выявіўся тым, што вярнуў да жыцця прыкладзенае да яго мёртвае цела чалавека.

Аб выяўленні Жыватворнага Крыжа святою Аленаю пісалі многія раннехрысціянскія аўтары. Святы Амброзій, біскуп Міланскі, у пахвальным слове Феадосію Вялікаму таксама сведчыў пра гэтую па-дзею. Ён згадвае пра знойдзеную таблічку ад Крыжа з надпісам, аб якой паведамляюць евангелісты, і цвіках, якімі былі прабіты рукі і ногі Хрыста. Ян Златавусны гаворыць, што калі было адкапана «святое дрэва», то яго пазналі па таблічцы з надпісам і месцы знаходжання паміж двума іншымі крыжамі (разбойнікаў). Не адмаўляе па-дзеі св. Еранім, які таксама згадвае пра цвікі. Пра знойдзены Крыж Збавіцеля св. Кірыл Александрыйскі, паўлін, епіскап Нолы, у лісце ад 403г. напісаў, што ў Іерусаліме св. Алена збірала звесткі пра месца, дзе быў засыпаны Крыж, не толькі ў хрысціянаў, але і ў больш інфармаваных людзей.



Падчас гаміліі ксёндз Юрый Ясевіч нагадаў аб гісторыі гэтага свята, заклікаў парафіян да пашаны Вялікага Знака і разважання аб тым, якую кожны з іх аддае даніну Святому Крыжу. Расказаў пэўныя гісторыі з жыцця, як людзі ставяцца да гэтага Знака. Завяршылася святочная літургія працэсіяй вакол касцёла.

Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.