Да нас прылятаў “Крыштальны журавель”

В посёлке 22 сентября 15 1372
Да нас прылятаў “Крыштальны журавель”


16-18 верасня на базе Воранаўскай сярэдняй школы адбыўся рэспубліканскі семінар-акцыя “Настаўнік года” — адукацыі Воранаўскага раёна”. А калі сказаць іншымі словамі, то да нас завіталі настаўнікі — лаўрэаты, фіналісты, суперфіналісты рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, якія ў розны час сталі ўладальнікамі прэстыжнай статуэткі “Кры-штальны журавель”. У іх ліку былі выкладчыца фізікі, намеснік дырэктара сярэдняй школы №13 г. Жлобін А.А. Ананчыкава, настаўніца хіміі і біялогіі Лугаваслабод-скай сярэдняй школы Мінскага раёна А.Я. Гарбар, настаўнік замежнай мовы сярэдняй школы г.п. Дамачэва Брэсцкага раёна Я.А. Грыгор’еў,  выкладчыца гісторыі сярэдняй школы №15 г. Магілёў Г.В. Дудко, настаўніца рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара гімназіі №51 з г. Гомель В.А. Кіслова, настаўнік матэматыкі Браслаўскай гімназіі Дз.Г. Мацкевіч, настаўнік фізічнай культуры Ясенскага ВПК Асіповіц-кага раёна Магілёўскай вобласці М.М. Мікуліч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара Шчучынскай гімназіі А.В. Пасюта і выкладчык біялогіі сярэдняй школы г. Крычаў А.В. Цілюпа. Гэтую тытулаваную педагагічную дэлегацыю ўзначальвалі начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы І.В. Багачова і начальнік цэнтра развіваючых педагагічных тэхналогій дзяржустановы “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” І.В. Фёдараў.



Напярэдадні ў іх быў звычайны працоўны дзень, загружаны ўрокамі, пазакласнымі мерапрыемствамі і іншымі школьнымі справамі. А ўвечары, сабраўшы свой самы каштоўны багаж — прафесійны вопыт, майстэрства, веды, творчыя ідэі і нястомнае імкненне сеяць разумнае, добрае, вечнае — яны паспяшаліся на Воранаўшчыну, на сустрэчу са сваімі калегамі і аднадумцамі...

Сустрэча членаў клуба “Крыштальны журавель” з настаўнікамі Воранаўскага раёна распачалася ў зале Гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу. У прыўзнятым настроі ад гасціннасці воранаўскай зямлі запршаныя з’явіліся ў зале. Педагогі, адухоўленыя любімай справай, перадалі свой настрой усім прысутным, і ад гэтага ў зале запанавала нейкая асаблівая атмасфера. І само сабой было зразумела, што, калі настаўнік ўваходзіць у клас, быццам узлятае на крылах душы, эмацыйны кантакт з дзецьмі забяспечаны, і ўрок абавязкова будзе ўдалым. Пасля ўсё гэта пацвердзілася на справе...



У самым пачатку сустрэчы былі знаёмства і самапрадстаўленне. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В.С. Матусевіч прывітала дэлегацыю і на памяць аб Воранаўшчыне падарыла сувеніры і кнігі. У адказ была ўручана кніга “Хрустальный журавль расправляет крылья”,  у якой сабраны лепшыя распрацоўкі ўрокаў пераможцаў конкурсу “Настаўнік года”, членаў клуба. Іван Віктаравіч Фёдараў расказаў прысутным гісторыю клуба “Крыштальны журавель”, які мае мэтай аб’ядноўваць таленавітых настаўнікаў, каб яны маглі сустракацца, перадаваць свой вопыт калегам і пераймаць іх методыкі і напрацоўкі. “Мы прыехалі не толькі для таго, каб паказаць, як працуем самі, але і павучыцца ў вас. Бо мы ў сваёй паўсядзённай дзейнасці таксама задаемся пытаннем “Якім павінен быць сучасны ўрок?”. І шукаем на яго адказы. Таму семінар-акцыя “Настаўнік года” — адукацыі Воранаўскага раёна” накіравана на ўзаемнае духоўнае ўзбагачэнне, на сумесны творчы пошук у вырашэнні актуальных праблем педагогікі”, — патлумачыла І.В. Багачова.



Распрацаваны і своеасаблівы гімн клуба “Крыштальны журавель”, які настаўнікі вельмі натхнёна і дружна выканалі перад пачаткам адкрытых урокаў. А затым яны з добрым настроем разышліся па класах Воранаўскай школы.

Я адправілася ўслед за педагогамі. Ішла з цікаўнасцю: як жа ўспрымуць дзеці настаўніка, якога яны бачаць упершыню і якім атрымаецца іх сумесны ўрок? Напрыклад, у настаўніцы А.Я. Гарбар, якая праводзіла ўрок хіміі ў 8-ым класе. Ужо праз пяць хвілін педагог і школьнікі мелі зносіны такія, як быццам былі даўно знаёмыя. На ўроку ў Алены Яўгеньеўны  васьмікласнікі працавалі старанна і актыўна, выказваючы і абгрунтоўваючы сваё меркаванне і не баючыся ў ім памыліцца.

А зусім недалёка, на наступным паверсе школы педагог са Шчучына А.В. Пасюта прысвяціла свой урок Дню беларускай пісьменнасці, які нядаўна прайшоў у іх горадзе. Разам з вучнямі адшуквала 7 цудаў Воранаўшчыны. А вось настаўнік фізічнай культуры Максім Мікалаевіч Мікуліч паспрабаваў зрабіць з воранаўскіх вучняў будучых чэмпіёнаў па лёгкай атлетыцы, на ўроку вучні адпрацоўвалі тэхніку скачкоў у даўжыню з разбегу. На уроку русскай мовы ў выкладчыцы В.А. Кісловай пяцікласнікі пераканаліся ў неабходнасці паўсядзённа чытаць мастацкую літаратуру.

Пасля члены клуба «Крыштальны журавель» далі майстар-класы для сваіх воранаўскіх калегаў, абмяняліся з імі думкамі і распрацоўкамі. А затым правялі семінар “Сучасны ўрок — гэта…”, які можна было назваць рэфлексіяй усяго ўбачанага і пачутага.



Развітваючыся з Воранаў-шчынай, прызнаныя педагогі з задавальненнем пакідалі свае метадычныя распрацоўкі і запэўнівалі, што сакрэт іх майстэрства вельмі просты і даступны:  любоў і павага да дзяцей, бясконцая адданасць сваёй прафесіі і нястомнае імкненне да дасканаласці. Гэта і ёсць галоўная і надзейная апора для творчага ўзлёту сучаснага педагога.

Журавы ў верасні не прылятаюць? Памыляецеся! Яшчэ як прылятаюць. Няхай яны прадаўжаюць свой палёт. А педагогі нашага раёна з захапленнем будуць успамінаць гэтую сустрэчу і вучыцца далей. Бо настаўнік вучыцца ўсё жыццё.

Наталля Івуць.

Фота аўтара.