З бульбай быць — не прыйдзецца тужыць

З бульбай быць — не прыйдзецца тужыць


Не паспелі апусцець пшанічныя ды жытнёвыя нівы, як у земляробаў распачалася не менш важная сельскагаспадарчая кампанія — збор ураджаю другога хлеба. Першымі ў раёне прыступілі да капання бульбы ў КСУП э/б “Пагародна”, дзе з першых гектараў у сярэднім накопваюць па 305 цэнтнераў. Яшчэ больш шчодра аддзячыла зямля бульбаводаў КСУП э/б “Кастрычнік” — на полі за вёскай Баяры гатунак “брыз” самай ранняй пасадкі ўрадзіў пад 320 цэнтнераў з гектара.

— Ураджай нядрэнны, хаця крыху і меншы, чым летась, — расказаў галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Венцкевіч. — Жнівеньская спякота ўсё ж такі пасадкі прысушыла. Бульба сёлета ў нас займае 100 гектараў. Акрамя “брыза”, высаджаны таксама “гаспадар”, “янка”, “уладар”, “маг”, “вектар” і “журавінка”. На падборцы цяпер задзейнічана адна брыгада з лідскай біржы працы. Калі ж пачнецца масавая ўборка бульбы, то будзем запрашаць лю-дзей і з іншых арганізацый, у тым ліку студэнтаў і навучэнцаў  з Ліды і Воранава. З рэалізацыяй пакуль што не вызначыліся. Не ўсё ясна і з цэнамі, а прадаваць бульбу за бясцэнак — гаспадарцы страты… Таму затарваем у сеткі і часова змяшчаем у сховішча.

Вікенцій ЯКОВІЧ.

На здымку: з такой бульбай будзем жыць і не тужыць.

Фота Генадзя АСТАПОВІЧА.