Стомленыя сонцам, але моцныя духам

Стомленыя сонцам, але моцныя духам


Жніво на Воранаўшчыне паступова набліжаецца да свайго фіналу — на раніцу ўчарашняга дня было ўбрана 73% зерневых і зернебабовых культур (без кукурузы, грэчкі і проса). Намалочана зерня 75 693 тоны. Сярэдняя ўраджайнасць складае 47 цэнтнераў з гектара, што на 1,4 цэнтнера больш, чым летась. У лідэрах па ўраджайнасці знаходзіцца сельгаскааператыў  “Больцішкі” — з кожнага гектара тут у сярэднім сабралі па 54,9 центнера. У хлебаробаў эксперыментальнай базы “Кастрычнік”  ураджайнасць складае 52,1, а ў сельгаскааператыве “Гіркі” — 50,4 цэнтнера з гектара.  Па колькасці намалочанага зерня першынство трымаюць “Доцішкі” — каля 18 000 тон. У гэтай жа гаспадарцы самы старанны аператар па дапрацоўцы зерня Валерый Вайткун (6 201 тона) і  найбольш “тысячнікаў” — 18. А ўсяго па раёну тысячны рубеж ужо перасягнулі 22 камбайнеры і 27 вадзіцеляў.

У саўгасе “Воранаўскі” таксама ўжо ёсць свае “тысячнікі” — гэта экіпаж братоў-камбайнераў Віктара і Генадзя Бенкевічаў і вадзіцелі Мікалай Глушкевіч і Віктар Грышко. Дзякуючы ім і іх калегам  уборка ў гаспадарцы мінула ўжо свой экватар. Найлепш  урадзіў азімы трыцікале — 47,3 ц/га, якога было намалочана 1 160 тон. Усяго ж гаспадарка сабрала з пачатку жніва ўжо 5 672 тоны зерня.

Спорыцца работа ў хлебаробаў з “Воранаўскага” і ў гэтыя дні. Нават у мінулы аўторак, калі слупок на тэрмометры паказваў амаль +35, уборачны працэс ішоў без усялякіх затрымак. Толькі мы, журналісты, на нейкі момант парушылі нала-джаны рытм на полі каля вёскі Дуцішкі. Тут адразу 5 камбайнавых экіпажаў убіралі яравы ячмень, напагатове былі і ва-дзіцелі, каб адвезці намалочанае зерне. На здымку — яны, а таксама іншыя ўдзельнікі жніва — Геннадзь Бенкевіч, Валяр’ян Гудзіновіч, Віктар Жэшка, Дзмітрый Козар, Анатоль Кропа, Дзмітрый Туроўскі, Валяр’ян Козар, Іван Юралайць, Віктар Бенкевіч і Артур Барташэвіч (на здымку 1).

“Укралі” мы пару хвілін і ў Часлава Шыбоўскага і Дзмітрыя Неваша (на здымку 2). Яны прэсавалі салому. Кожны з іх за працоўны дзень нарыхтоўвае ад 45 да 50 тон саломы ў рулонах, якія потым звозяцца на фермы або стагуюцца.

За гэтай работай на полі каля Заазёрнага мы і сфатаграфавалі Аляксандра Пілецкага, Сяргея Фудымоўскага, Тадэвуша Ардзюка і Альфрэда Сцефановіча (на здымку 3).

Было горача (у прамым і пераносным сэнсе) і на тэрыторыі зернесклада ў Вараноўцы. Адна за другой машыны то прывозілі зерне з поля, то адвозілі ўжо дапрацаванае на хлебакамбінат або ў сховішча. Ва ўсім гэтым працэсе адчувалася калектыўная зладжанасць і паразуменне Тадэвуша Русака, Аляксея Дзедышава, Віктара Лукашуна, Івана Станкуця, Ганны Шчыглы, Андрэя Хадукіна і загадчыцы складам Ядзвігі Азароўскай (на здымку 4).

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

Фота АЛЕГА БЕЛЬСКАГА.



.



.