Смачна есцi!

Смачна есцi!


У гэтыя жнівеньскія дні горача не толькі на палях, але і ў сталовых, дзе рыхтуюць абеды для ўдзельнікаў уборкі. У гэтым мы яскрава пераканаліся на мінулым тыдні, калі пазнаёміліся з майстрыхамі кулінарных спраў, што працуюць у сталовай комплексу па адкорму буйной рагатай жывёлы “Гудзянішкі” СВК “Гіркі”.

— Кожны дзень мы рыхтуем абед не менш як на 100 чалавек, — кажа загадчыца Аліна Альфонсаўна Козіч. — Гэта камбайнёры, вадзіцелі, механізатары на ўборцы саломы, кармоў. Харчуюцца ў нас і работнікі комплексу. Кормім усіх, хто працуе тут, на Забалацкім участку. У сталовай разам са мной з 6 гадзін раніцы смажаць, вараць, наводзяць чысціню і парадак Яніна Вінцкевіч і Валянціна Смольская. Дзяўчаты вельмі старанныя, робім  усё дружна, работу не падзяляем на гэта тваё, а гэта — маё. Разам з вадзецелямі Ігарам Саковічам і Вячаславам Арлоўскім яны развозяць не толькі абеды, але і падвячорак. І так кожны дзень, прыходзім з працы дамоў дзесьці а 8-ай вечара. Калі сказаць па праўдзе, то нялёгка працаваць, увесь час на нагах… А хіба для тых, хто на палях пад гарачым сонцам, лягчэй? Таму і хочацца накарміць людзей як найлепш. Меню мяняем штодзённа. На абед —  салаты з памідораў і агуркоў, на першае — розныя супы. Катлеты, гуляш, галубцы, адбіўныя, хатняя каўбаска — на другое, з гарніраў — грэчка, тушаная маладая бульбачка… Запіць — што-небудзь з кампотаў. На падвячорак рыхтуем салаты, другое блюда і кампот. Свая гавядзіна, бульба, а свініну і іншае гаспадарка купляе. Праблем з прадуктамі для нашай сталовай няма, за што вялікі дзякуй забеспячэнцу Васілію Жуку. Старшыня, галоўныя спецыялісты гаспадаркі таксама заўсёды цікавяцца нашымі справамі, правяраюць, як мы рыхтуем ежу, яе якасць… Здаецца, усё робім як звычайна, нічога новага, хіба што з больш добрым настроем, тады і стравы ўдаюцца смачнейшымі. Ведаем, што для плённай працы патрэбна і сытнае харчаванне. Да таго ж абеды танныя — 15% ад агульнага кошту. Людзі вельмі задаволеныя.



Пакуль гутарылі з загадчыцай, на гадзінніку ўжо паказвала палову 12-ай. Прыспеў час везці абеды на поле і карміць хлебаробаў, якія з ахвотай прыняліся за ежу. І хаця няёмка было лезці са сваімі пытаннямі да сілкуючыхся, усё ж пажадаў “Смачна есці!” і спытаў, як абед?

— Дзякуй паварам, кормяць смачна і танна, яшчэ і падвячорак прывозяць, а гэта прыбаўляе сіл на добрую працу, — агучыў свой вердыкт вадзіцель МАЗа Фелікс Кашлей.

— Халаднік на славу, у такую гарачыню, — на якісьці момант адарваўся ад ежы камбайнер Юзэф Вадэйка, — гэта не толькі ратунак ад смагі, але і шмат карысных вітамінаў. Малайцы дзяўчаты, рыхтуюць вельмі добра.

— Выдатна кормяць і ў абед і пад вечар, — падтрымаў хлопцаў вадзіцель Іван Актуновіч. — А сытна пад’еўшы працуецца і весялей, і спарней.

Спадзяюся, што такой думкі прытрымліваюцца ўсе ўдзельнікі жніва, бо харчаванне ў гэты адказны час арганізавана ў кожнай гаспадарцы раёна. Такі клопат пра хлебаробаў, а яшчэ спрыяльнае надвор’е прыносяць і станоўчыя вынікі.

Вікенцій ЯКОВІЧ.

На здымках: А. Козіч,

В. Смольская і Я. Вінцкевіч; пасля смачнага абеду праца пойдзе весялей.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

Па стану на ўчарашнюю раніцу на Воранаўшчыне было ўжо сжата 57% зерневых і зернебабовых культур (без кукурузы, грэчкі і проса). Пры сярэдняй ураджайнасці 47 ц/га намалочана 61 642 тоны зерня. Азімы рапс убраны поўнасцю. Кожны гектар у сярэднім па раёну даў 35,1 цэнтнера, намалочана 14 200 тон.