Біскуп Аляксандр Кашкевіч у Жырмунах: “Няхай Эўхарыстыя заспакоіць голад нашых сэрцаў і зробіць здольнымі дзяліцца дабром з бліжнімі”

Духовность 31 июля 15 2316
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у Жырмунах: “Няхай Эўхарыстыя заспакоіць голад  нашых сэрцаў і зробіць здольнымі дзяліцца дабром з бліжнімі”


Аб розных відах голаду, якія можа адчуваць чалавек, і аб тым, што толькі Ісус Хрыстос можа заспакоіць найбольш важны, духоўны голад, казаў біскуп Гро-дзенскі Аляксандр Кашкевіч на нядзельнай імшы 26 ліпеня ў парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Жырмунax.

Гродзенскі ардынарый прыбыў у парафію па запрашэнню пробашча кс. Юрыя Барташэвіча, каб удзяліць Сакрамент канфірмацыі (біжмавання) 50 вер-нікаў. На малітве сабраліся парафіяне і госці, якія ў гэты дзень прасілі Бога аб патрэбных ласках для прымаючых Сакрамент хрысціянскай сталасці, каб яны былі адважнымі вызнаўцамі веры.

Разважаючы над чытаннем Евангелля, біскуп адзначыў, што Ісус Хрыстос заўсёды клапоціцца аб чалавеку і, бачачы, што Яго слухачы галодныя, здзяйсняе цуд: пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі корміць народ. “Памнажаючы хлеб, Ісус прагне, каб вучні паверылі: як Ён можа заспакоіць фізічны голад чалавека, так можа і хоча заспакоіць і нашмат важнейшы голад, духоўны”, — сказаў іерарх. Біскуп дадаў, што адным з асноўных з’яўляецца голад пасілку для цела. “Гэты голад адчуваюць не толькі бедныя, якія жывуць у крайняй нястачы, не толькі жыхары краін “трэцяга свету”. Можа, яшчэ больш гэты голад адчуваюць людзі багатыя, калі імі кіруе хцівасць”, — сказаў гродзенскі ардынарый. Такі чалавек, па словах іерарха, “не ўмее задаволіцца неабходным, але трапляе ў спакусу шалёнай гонкі, каб мець як мага больш, назапашваць даброты, павялічваць багацце, здзіўляць іншых сваёй маёмасцю,  але нярэдка бывае так, што чалавек мае ўсё, ўнутры ў яго пуста і ён адчувае духоўны голад”.

Аляксандр Кашкевіч таксама нагадаў пра голад шчасця і радасці, міру і любові, сэнсу жыцця і існавання, справядлівасці і праўды, сяброўства і міжчалавечай салідарнасці. Усе яны, як адзначыў іерарх, “сустракаюцца ў адным асноўным голадзе — голадзе Бога”.

Тых, хто прымаў у гэты дзень Сакрамент канфірмацыі, біскуп заахвоціў станавіцца для бліжніх добрымі, ахвяраваць тым, хто гэтага патрабуе, свой час, сваё сэрца, самааддана аказваць дапамогу. “Няхай Эўхарыстыя будзе частым пасілкам, няхай дае нам жыццё, заспакойвае голад нашых сэрцаў і робіць нас здольнымі дзяліцца дабром з бліжнімі”, — пажадаў іерарх.

Кс. Юрый Марціновіч.