Завяршыліся ўрачыстасці ў Тракелях: вернікі атрымалі хатняе заданне – маліцца за сям’ю

Завяршыліся ўрачыстасці ў Тракелях: вернікі атрымалі хатняе заданне – маліцца за сям’ю

11 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях завяршыліся сёлетнія адпустовыя ўрачыстасці. У іх прынялі ўдзел вернікі з усёй Беларусі і з-за мяжы, якія прыбылі, каб сустрэцца з Маці Божай – Заступніцай і Суцяшальніцай.





Усю ноч вернікі трывалі на малітве і чуванні. У гэтым годзе асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі сем’яў, Сінода Біскупаў, які пройдзе ў кастрычніку ў Рыме і будзе прысвечаны сям’і, і за ўсіх кансэкраваных асобаў. Маліліся таксама ў інтэнцыі новых пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця.

Галоўную адпустовую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Усіх прысутных на літургіі прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, падзякаваўшы таксама за ўдзел ва ўрачыстасцях дапаможнаму біскупу Гродзенскай дыяцэзіі Юзафу Станеўскаму, дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі Казіміру Велікасельцу, Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку, святарам, сёстрам законным, пілігрымам, прадстаўнікам свецкіх уладаў і шматлікім вернікам.


«Марыя нясе нам Хрыста»

Сёлета ўрачыстасці ў Тракелях праходзілі пад дэвізам “З Марыяй у дарозе навяртання”. Гэтыя словы прыгадвалі вернікам, што Касцёл у Беларусі перажывае Год навяртання і што навяртання патрабуе кожны чалавек: і малады, і сталы.

“Як калісьці да Альжбеты, так сёння да нас прыходзіць Марыя і нясе нам Хрыста, каб мы маглі Яго спаткаць, даверыцца Яму і звязаць з Ім назаўсёды наша жыццё”, - сказаў, вітаючы гасцей, біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заахвоціў таксама скласці на ахвярнай патэне ўсе просьбы, падзякі і перапрашэнні.

“Няхай гэтае спатканне з Езусам, жывым і сапраўдным, прынясе ў нас плёны духоўнага дабра, каб мы вучыліся з даверам ісці за Ім дарогамі нашай штодзённасці”, - дадаў гродзенскі ардынарый.


«Марыя туліць да сябе тых, хто шукае паяднання з Богам»

З гаміліяй да прысутных звярнуўся біскуп Антоні Дзям’янка. Іерарх адзначыў, што дзеля Маці Божай вернікі “адважыліся ісці ў пілігрымку, пераадольваючы стому, спякоту, адлегласць у дзясяткі і сотні кіламетраў”. “Вы, дарагія пілігрымы, выказалі любоў да Маці Божай і давер да Яе, ахвяруючы свае летнія дні дзеля Яе хвалы”, - дадаў пінскі ардынарый.

Нагадваючы, што сёлета ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў Касцёл у Беларусі прапануе да разважання тэму “Марыя – прытулак грэшнікаў”, біскуп падкрэсліў: “Яна – Маці, для якой дзеці ўсёй зямлі аднолькава дарагія: і бяспечныя і добрыя, і неспакойныя і грэшныя”. “Марыя туліць да сябе тых, хто шукае паяднання з Богам і пакідае грэшны шлях свайго жыцця, робячы пастанову весці цнатлівае жыццё ад моманту спаткання з Ёю”, - сказаў іерарх.


«Не занядбоўваць звароту з просьбай да Марыі»

“Памятай пра Маці – прытулак грэшнікаў, калі цябе будзе ахопліваць сумненне па прычыне цяжкіх грахоў, калі шатан будзе спрабаваць уцягнуць цябе ў маладушнасць, - з гэтымі словамі біскуп звярнуўся да кожнага з вернікаў. - Кажы тады з дзіцячай прастатою: “О, Марыя, поўная ласкі, Маці Міласэрнасці, узглянь на мяне, як я, абцяжараны грахамі, пакутую ў няволі шатана! Злітуйся нада мною, Маці Езуса, заступіся за мяне!” Памятай пра Маці – прытулак грэшнікаў, каля цябе адолее трывога за заблуканую душу сына, дачкі альбо якога-небудзь беднага грэшніка. Ніколі не занядбоўвай звароту з сардэчнай просьбай да Марыі, нават калі дапамога не прыйдзе адразу”.

Пінскі ардынарый нагадаў, што Марыя ў сваім абразе з касцёла ў Тракелях мае багатую гісторыю цудаў. Таксама біскуп узгадаў словы святога Ансэльма, які пісаў: “Калі мы звернемся да Маці Божай, то хутчэй будзем выслуханыя, чым калі б непасрэдна звярталіся да Езуса”. “Гэтую праўду адкрылі людзі, якія прыбягаюць перш за ўсё да Марыі са сваімі клопатамі”, - заўважыў біскуп.

“Сёння і мы стаім перад нашай Маці, якая з’яўляецца прытулкам для нас усіх, - дадаў іерарх. - Стаім з нашымі парафіяльнымі, сямейнымі і асабістымі праблемамі. Стаім з вялікай надзеяй і даверам, усклікаем да Яе словамі з Навэнны да Маці Божай, Прытулку грэшнікаў: “Углядаючыся ў Цябе, мы захапляемся вялікімі справамі, якія ўчыніў Табе Бог Усемагутны. Углядаючыся ў Тваё Беззаганнае Сэрца, мы ясна бачым нашу немач і грахі. Мы прыходзім да Цябе як да Прытулку грэшнікаў, поўныя веры, надзеі і любові, ведаючы, што Ты – найлепшая дарога да Хрыста Збаўцы...””

«Кожны чалавек сваім зямным жыццём творыць непаўторную фігуру»

Біскуп нагадаў таксама выпадак з жыццярысу св. Лімы, дзе расказваецца, што яна мела бачанне, адкрытае Богам. Яе прывялі у майстэрню, дзе працавалі рэзчыкі па дрэве. Там яна ўбачыла мноства людзей, якія з розных матэрыялаў выконвалі фігуры. Кожны засяроджана выконваў своеасаблівую і непаўторную фігуру. Сярод выканаўцаў разьбы святая пазнала і сябе, і ёй было адкрыта, што так і кожны чалавек сваім зямным жыццём творыць непаўторную фігуру, ацэнка якасці якой будзе праведзена на Апошнім Божым Судзе.

Біскуп пажадаў вернікам, каб і гэтая пілігрымка ў летнюю спякоту, “пілігрымка, спалучаная з адрачэннем”, стала “сведчаннем любові да Божай Маці – прытулку грэшнікаў” і была “прыгожым і трывалым штрыхом у выкананні жыццёвай фігуры святасці”. “А ацэнку яе якасці напрыканцы зямной пілігрымкі нам дасць Бог – наш Айцец і Суддзя”, - сказаў пінскі ардынарый.

Святая Сям’я з Назарэта – прыклад для кожнай сям’і

Напрыканцы Імшы, якая была сапраўдным святам католікаў Гродзеншчыны і ўсёй краіны, біскуп Аляксандр Кашкевіч яшчэ раз заахвоціў да асаблівай малітвы за сем’і Беларусі. Іерарх узгадаў, што сёння вельмі шмат сем’яў маюць розныя праблемы, у многіх дамах гасне вогнішча веры, знікае практыка супольнай і індывідуальнай малітвы, і чалавек не можа быць да гэтага абыякавы.

“Няхай гарачая і трывалая малітва ў інтэнцыі сем’яў будзе выразам нашага клопату аб тым, каб сем’і былі моцнымі Богам, верай, прывязанасцю да сапраўдных каштоўнасцяў і маральных прынцыпаў”, - сказаў біскуп.

Усім прысутным вернікам біскуп Аляксандр Кашкевіч пакінуў хатняе заданне – маліцца за сем’і, за сем’і загубленыя, якія перажываюць крызіс, члены якіх закрануты рознымі залежнасцямі і якія знаходзяцца ў небяспецы распаду. Таксама да заданняў, даручаных вернікам, іерарх дадаў малітву за моладзь, якая рыхтуецца да заснавання сям’і, каб у будаванні будучага шчасця яна брала прыклад са Святой Сям’і з Назарэта – узору для кожнай хрысціянскай сям’і.

Чарговыя ўрачыстасці ў Тракелях завяршыліся, вернікі развіталіся з Божай Маці і вярнуліся да сваіх дамоў і сем’яў, каб ствараць будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях і разам з Богам, бо толькі тады, калі чалавек будзе жыць у гармоніі з Ім, будзе моцным фундамент нашага грамадства і кожнай сям’і.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

http://catholic.by/