Некалькі слоў пра Валянціна Блакіта

Некалькі слоў пра Валянціна Блакіта


Шанціла воранаўскай зямлі на таленавітых і творчых людзей. Працаваў тут нядоўгі час (з 1963 па 1967 год) наш калега, празаік, публіцыст, паэт Валянцін Болтач ці, згодна з псеўданімам, Валянцін Блакіт. У раённай газеце — тады “Ленинском знамени” — ён  быў адказным сакратаром.

Валянцін Блакіт — выхадзец са Шчучынскага раёна з вёскі Вострава. Нарадзіўся 7 кастрычніка 1938г. у сялянскай сям’і. Скончыў завочна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Журналісцкую працу пачаў у 1956 годзе ў шчучынскай раённай газеце. Быў уласным карэспандэнтам абласной газеты «Гродзенская праўда». Працаваў на карысць радыё і тэлебачання. Узначальваў гумарыстычна-сатырычны часопіс «Вожык». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1981г.

Вершы і нататкі публікаваў яшчэ ў школьныя гады ў раённай і абласной газетах. Першае апавяданне надрукавана ў 1960г. (часопіс “Вожык”). Аўтар зборніка гумарыстычных апавяданняў “Вынаходнік”, аповесцей “Час прылёту журавоў”, “Шануй імя сваё”, “Усмешка Фартуны”, “Вырай”, “Аповесці” і інш. Пісьменніка цікавілі ўзаемаадносіны маладога і старэйшага пакаленняў. Над про­зай В. Блакіт працаваў удумліва, плённа.У сваіх творах ён паказваў герояў у сітуацыі, калі само жыццё ставіць перад чалавекам пытанне: хто ты, з чым ідзеш да людзей, што можаш аддаць ім? І яго героі — жыццялюбы, неардынарныя ў паводзінах, духоўна ба­га­тыя людзі, якія чымсьці нагадваюць самога творцу.