Праз песню — па дарогах вайны

Праз песню — па дарогах вайны
Кранальная музыка, душэўныя песні — усё гэта падаравалі на мінулым тыдні воранаўскім гледачам артысты Гродзенскай абласной філармоніі. Канцэртная праграма да 70-годдзя Вялікай Перамогі “Праз войны ўсе”, падрыхтаваная гасцямі з абласнога цэнтра, напэўна, не пакінула нікога з прысутных абыякавым.

Лірычныя песні дзяўчат-прыгажунь пра родны край, нашу чароўную Бацькаўшчыну абарвала трывожная звестка дыктара Левітана: “Вораг без аб’яўлення вайны напаў на Радзіму”. Артысты філармоніі правялі гледачоў праз усе выпрабаванні вайной. У песнях адчуваліся і боль маці, што адпраўляе сына на вайну, і трагічнасць лёсу Хатыні, і нястомнае жаданне нашых байцоў вярнуцца дадому з перамогай, іх салдацкія будні, “малітва” за шчаслівую і мірную Беларусь. Моцныя, цудоўныя галасы выканаўцаў гучалі так пранікнёна, што сэрцы гледачоў перапаўняліся пачуццямі радасці і гонару за беларускі песенны скарб. Кожны выхад артыстаў на сцэну сустракаўся апладысментамі. “День Победы” спявалі ўсе разам і стоячы — а як жа інакш сустракаць своеасаблівы гімн Вялікай Перамогі?!

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.