Добры спадарожнiк i сябар

Актуально 31 марта 15 1928
Добры спадарожнiк i сябар
Традыцыйна падчас вясенніх канікул прайшоў Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі. Бібліятэкі ўсёй краіны запрашалі на мерапрыемства сваіх самых верных чытачоў. Стараліся стварыць сапраўднае свята для іх, цікаўных, дапытлівых і ўлюбёных у друкаванае слова. Не пакінулі па-за ўвагай гэтую падзею і скарбніцы ведаў раёна. Вясёлым дзіцячым гоманам было напоўнена памяшканне Доцішскай бібліятэкі.
Сваіх маленькіх чытачоў — вучняў пачатковых класаў — сустракала бібліятэкар Людміла Канстанцінаўна Запаснік. Для іх падрыхтавала незвычайнае падарожжа па казках, сустрэчу са знаёмымі героямі. Дзеці ахвотна разгадвалі загадкі гаспадыні бібліятэкі, Старога Хатабыча (Ягора Дзятчыка), Бураціны (Уладзіслава Яноўскага), праявілі сваю эрудыцыю і веданне прыказак. Дэвід Казарын, Аляксей Лабовіч і Вікторыя Знамяроўская заклікалі аднагодкаў сябраваць з кнігамі. А сама каралева Кніга (Эльвіра Трусевіч) павучала, што трэба беражліва адносіцца да яе і яе “падначаленых”: не вырываць старонак, не рабіць закладку пры дапамозе алоўка ці ручкі і інш.

Свята прайшло ў сяброўскім коле жыва і цікава. На развітанне дзеці абяцалі выконваць наказы каралевы Кнігі і быць пастаяннымі чытачамі бібліятэкі. Дарэчы, падрастаючае пакаленне наведваецца ў Доцішскую скарбніцу няблага: 130 чалавек з’яўляюцца прыхільнікамі друкаванага слова.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.