Матчына мова — родная мова

С праздником 20 февраля 15 3848
Матчына мова — родная мова

Першапачаткова з ініцыятывай Дня роднай мовы выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

У кожнага насельніка планеты ў гэты дзень ёсць нагода да свята, бо ў любога з нас ёсць мова, якую з цеплынёй і пяшчотай называем роднай і матчынай.

21 лютага — яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам. Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную “трасянку”, або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваім сэрцы. І паказвае яна на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Са святам нас!

Наталля ІВУЦЬ.

Уладзімір РУЛЬ,

в. Нача

Пяе мая душа!


Пяе ўжо шмат гадоў душа мая

(Кажнюткі раз без стомы і адмовы);

Услухайся ж, радзімая зямля,

У шчырыя і радасныя словы!

Спазнаць радзінных слоў адметны лад

Дапамагла ў маленстве мне матуля;

Я ж іх узводжу на такі пасад,

3 якога б іх усе вакол пачулі.

Іх берагуць палеткі і лясы —

Абсягі найвялікшага памеру,

I птушачак-вястунак галасы,

Да нашай мовы поўныя даверу.

Іх паўтарае шчыра кожны дождж,

I ў шуме ветру дарагія гукі,

I бусел, што шыбуе басанож,

Гатовы зразумець іх без прынукі.

У пералівах соцен нашых рэк,

I ў перазвонах тоненькіх галінак

Адчуць усёй істотай чалавек

Раскошу нашых мілых слоў павінен.

А кветкі, што ўпрыгожваюць лугі

Кажнюткае вясёлкавае лета,

Правобразам слоў нашых дарагіх

Для спевакоў, настаўнікаў, паэтаў...

Заўсёды будуць і заўжды яны ж

На глебе нечаканых параўнанняў

Спрацуюць непасрэдна на прэстыж

Галубкі нашай. Маю спадзяванне,

Што выказаўся шчыра я, інакш

Казаць аб ёй, сябры, не выпадае!

Прабачце мне за вобразны калаж.

Усім да пабачэння. Гонар маю!