Добры дзень табе, Вясна-красненька!

С праздником 17 февраля 15 1798
Добры дзень табе, Вясна-красненька!


У мінулую суботу ў райцэнтры весела, звонка адспявала, адтанцавала народнае свята “Масленіца”, падарыўшы ўсім яго ўдзельнікам цудоўны настрой і ... адметны апетыт. Здаўна гэтае свята славілася найперш “сонечнымі стравамі” — блінамі. Магу засведчыць, што бліноў там было — лічыць не злічыць: са смятанкай, з маслам, салам, мясам, разынкамі, з варэннем і мёдам... І паесці можна было ўволю, і павесяліцца ад душы — зіму-матухну правесці, вясну-красну сустрэць.

Адкрылася мерапрыемства шэсцем казачных герояў па вуліцах пасёлка, якія зазывалі ўсіх на шырокае святкаванне на цэнтральнай плошчы. Традыцыйна музычныя калектывы і выканаўцы з усяго раёна забаўлялі народ песнямі, танцамі, гульнёвай конкурснай праграмай. Удзельнікі свята змаглі набыць прыгожыя сувенірныя вырабы, зробленыя ўмелымі рукамі майстроў раённага Дома рамёстваў, многім пашанцавала выйграць сюрпрыз па бяспройгрышнай латарэі.

У час, калі дарослыя каля гандлёвай палаткі ласаваліся шашлычкамі ды блінамі, дзятва, у поўным сэнсе слова, “штурмавала” ўпрыгожаную стужкамі і званочкамі брычку з канём: вельмі ж хацелася пакатацца з вецярком і пакарміць пацешнага Каштанчыка. Сапраўдны натоўп смельчакоў утварыўся каля масленічнага слупа, на версе якога былі прымацаваны падарункі. Але толькі мацнейшым удалося дасягнуць высокай мэты. Як прызналася моладзь, якая прысутнічала на гулянні, святу не хапала спартыўных спаборніцтваў. На жаль, не было і вялікіх гурбаў снегу, каб адчуць задавальненне ад зімовых забаў.

Вынікі традыцыйнага конкурсу на лепшы сельскі падворак устаноў культуры, несумненна, узрадавалі пераможцаў, але ні кропелькі не засмуцілі тых, хто не ўвайшоў у іх лік: па словах журы, усе падрыхтава-ліся дастойна, і вызначыць лепшых было неймаверна цяжка. У гэтым конкурсе перамаглі Забалацкі і Гіркаўскі СДК. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы і грашовую прэмію ад спонсара — РУП ЖКГ.

І, канечне ж, напрыканцы нельга не згадаць пра яшчэ адну адметнасць такога свята — спальванне пудзіла Зімы як пазбаўленне ад усяго цёмнага, кепскага. Зырка гарэў масленічны агонь і дарыў нам надзею на светлае і добрае ў жыцці. Дружным карагодам госці свята праводзілі зіму, жадаючы адзін аднаму здароўя, а ў справах — натхнення. Хай зімка яшчэ рассыпае апошнія жмені сняжынак, але чырвонае сонейка ўжо ўзнімаецца над зямлёй, і гурт удзельнікаў святкавання звонкай песняй вітае прыход вясны. А яна, верыцца, не прымусіць сябе доўга чакаць.

На свяце пабывалі

Галіна ШЛЕМПА і Алег БЕЛЬСКІ.

[gallery link="file" columns="2"]