На чужым няшчасці сваё шчасце не пабудуеш

Страницы истории 19 августа 14 3150
На чужым няшчасці сваё шчасце не пабудуеш

У адной з невялікіх вёсачак, як цяпер кажуць, неперспектыўных падрасталі дзве дзяўчынкі — Алеся і Яна. Жылі яны па-суседску, сябравалі. Ды і з кім яшчэ ім было бавіць вольны час, калі ў вёсачцы ўсяго некалькі хат?..

Дзяўчынкі падраслі. І сталі ўжо нявестамі на выданні. Да Алесі першай пасватаўся хлопец з горада. Вельмі пазайздросціла сяброўцы Яна, нават спачатку размаўляць перастала і затаіла ў сэрцы вядомую толькі ёй дзявочую крыўду. Алеся не разумела, што здарылася. Але ў вясельных клопатах забылася пра дзіўныя паво-дзіны суседкі.

У чацвер, напярэдадні шлюбу, Яна завітала ў госці да Алесі. Ды так весела ўсміхалася, шмат цёплых слоў казала, што ў дзяўчыны адлягло ад сэрца: сяброўка ні на што не крыўдуе. Яна засядзелася дапазна, пажадала шчасця нявесце і пайшла дадому. На наступны дзень Алеся заўважыла, што зніклі зручальныя пярсцёнкі. “Сяброўка… — мільганула думка. — Нездарма круцілася каля серванта…” Ды нічога ўжо не можна было зрабіць. Яно і вядома: не злоўлены — не злодзей. Хутка села за хатні тэлефон і са слязьмі на вачах расказвала суджанаму пра крадзеж. Ён яе супакоіў, што ўсё будзе добра.

Вяселле гуляла, шумела. Але ніхто, акрамя маладых, не ведаў, што зручальныя пярсцёнкі не залатыя.

Час ішоў. У Алесі на радасць падрасталі дачка і сын. Пра даўнішні непрыемны выпадак яна ў паўсядзённых клопатах па дому ўспамінала рэдка. Дый з мужам вырашылі: на сярэбранае вяселле купяць залатыя зручальныя пярсцёнкі, якія будуць для іх сімвалам кахання і вернасці.

А ў Яны сямейнае жыццё чамусьці ішло наперакасяк. Першы муж, акрамя таго, што, як кажуць на вёсцы, улёг у алкаголь, дык быў абібокам і скнарай. Другога ў п’янай бойцы забілі. Даводзілася на ногі падымаць адной чацвёра дзяцей.

Аднойчы Яна паскардзілася на лёс старой варажбітцы. Тая, усміхнуўшыся, загадкава сказала: “Аддай тое, што табе не належыць. На чужым няшчасці сваё шчасце не пабудуеш…”. Доўга думала над гэтымі словамі жанчына. А пасля здагадалася: справа ў Алесіных зручальных пярсцёнках!

Быў цёплы летні вечар. На вуліцы стракаталі конікі, моцна пахлі кветкі, зрэдку ля іх сноўвалі  матылькі ды стракозы… У дзверы дома Алесі пастукалі. Гаспадыня выйшла на ганак, але нікога не ўбачыла. Хацела ўжо ісці да хаты, ды заўважыла скрутак. Разгарнула, а там — грошы і запіска: “Гэта плата за зручальныя пярсцёнкі…”.

Марына КАНДРАТОВІЧ.