Не маем права забываць

Страницы истории 11 июля 14 2090
Не маем права забываць

Працоўная раніца 11 ліпеня на першы погляд здавалася звычайнай. Толькі каля помніка загінуўшым воінам і партызанам, што ў райцэнтры, быў запалены Вечны агонь. Невялікая дэлегацыя ўсклала да падножжа кветкі. Моладзь, ветэраны і прадстаўнікі раённай улады прыйшлі сюды, каб аддаць даніну памяці тым, хто вызваляў наш раён ад рук нямецкай навалы. Звярнуўся падчас мітынгу да прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Роік.

Доўгачаканае вызваленне прыйшло на нашу зямлю 11 і 13 ліпеня 1944 года, калі былі вызвалены Воранава і Радунь. Пасля выгнання гітлераўскіх акупантаў пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі. Жыхароў тагачасных Воранаўскага і Радунскага раёнаў чакала нялёгкая праца — вельмі многае захопнікі разбурылі, знішчылі ці вывезлі. Ад іх рук загінулі тысячы мірных жыхароў. Хаця фронт пайшоў далей на захад, вайна яшчэ працягвалася. Але ўпершыню за тры гады людзі ўздыхнулі свабодна. Пачаўся перыяд мірнага будаўніцтва.

Даведка: Адступаючы, немцы спалілі вёскі Германішкі, Баяры, Блажаны, Пашэлі, маёнтак  Навіянка, млын у Бастунах. Усяго ў раёне было знішчана 236 жылых дамоў, разрабаваны практычна ўсе ўстановы і прадпрыемствы. Ад рук акупантаў загінулі 1 612 жыхароў Воранаўскага раёна.


Ужо праз два тыдні пасля вызвалення ў Воранаўскім раёне былі адноўлены раённы камітэт КП(б)Б, які ўзначаліў Ф.Б. Трыгубовіч, і выканаўчы  камітэт раённага Савета дэпутатаў працоўных, старшынёй якога быў абраны М.А. Чыкіндзін. Начальнікам раённага аддзела НКУС быў прызначаны Н.Дз. Бокань, начальнікам раённага аддзела НКДБ — М.М. Суздальцаў. У жніўні 1944г. выйшаў і першы нумар раённай газеты “Путь социализма”.

У першую чаргу былі праведзены ўлік ацалелай маёмасці і наяўных запасаў прадуктаў харчавання, мабілізацыя працаздольнага насельніцтва на аднаўленчыя  работы.  Востра не хапала машын, абсталявання і інструментаў, будматэрыялаў, коней. Асаб-ліва спадзявацца на дапамогу дзяржавы не прыходзілася, бо вайна яшчэ працягвалася.

26 ліпеня 1944г. выканкам Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў працоўных і РК КП(б)Б прынялі рашэнне аб арганізацыі МТС. Пад яе быў адведзены ўчастак у  былым маёнтку Воранава з пабудовамі і гаспадарчым інвентаром. Дырэктарам МТС быў прызначаны Дз.Р. Мурашка.

У перыяд першай пасляваеннай пяцігодкі працягвалася аднаўленне разбуранага акупантамі жылога фонду. У 1946г. толькі ў райцэнтры было здадзена 40 дамоў. Акрамя электрастанцыі, адноўленай яшчэ ў 1944г., з’явілася свая электрастанцыя і ў МТС.

Райспажыўтаварыства за 1944-46гг. фактычна з нуля стварыла сетку з 18 крамаў і гандлёвых кропак; акрамя таго, у складзе таварыства працавалі 3 сталовыя і 2 буфеты-закусачныя.

Ужо ў першы пасля вызвалення навучальны год у раёне дзейнічалі 3 сямігадовыя і 32 пачатковыя шолы. У 1945/46 навучальным годзе адчынілі свае дзверы 6 новых пачатковых школ, у наступным годзе — яшчэ 2.

Пачалося аднаўленне і развіццё культурнай сферы. У 1945г. створаны аддзел культасветустаноў раёна, які пазней быў перайменаваны ў раённы аддзел культуры.

Першым у пасляваенныя гады галоўным урачом Воранаўскай раённай бальніцы быў А. Сіберальскі. У 1949г. пачалося стварэнне ўласнага комплексу будынкаў бальніцы (да гэтага яна размяшчалася ў шэрагу прыстасаваных памяшканняў).

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, жыццё паступова наладжвалася. У раён пачалі вяртацца людзі, даваенныя работнікі, прыбывалі новыя кадры. Год за годам упэўненымі крокамі Воранаўшчына крочыла да сённяшніх дзён.

Падрыхтавала Наталля ІВУЦЬ.