60 год бастунскай крынiцы мудрасцi

Актуально 06 июня 14 1587
60 год бастунскай крынiцы мудрасцi
На мінулым тыдні свой 60-дзясяты дзень нараджэння адзначыла інтэграваная бібліятэка вёскі Бастуны. Павіншаваць захавальніцу яе скарбаў І.Я. Карповіч прыехалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.М. Ястрэмская, дырэктар Воранаўскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Т.Г. Сушынская, а таксама калегі.
Каля трыццаці год Ірына Яўгенаўна гасцінна сустракае чытачоў, якія спяшаюцца за мудрым словам кніг. А пачытаць ёсць што! Кніжны фонд налічвае больш за 14 тысяч адзінак, чакаюць свайго чытача і рознабаковыя па тэматыцы часопісы і газеты, а таксама электронныя дакументы. Паспяхова тут асвойваюць сакрэты здароўя і прыгажосці ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Знахарка”. І. Карповіч імкнецца, каб бібліятэка стала сапраўдным месцам для адпачынку, зносін і новых адкрыццяў. За добрасумленную працу ў 2004 годзе бібліятэкар стала лаўрэатам прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя Аляксандра Дубко.

Святочную сустрэчу Ірына Карповіч распачала са знаёмства з гісторыяй бібліятэкі. У далёкім 1954 годзе ў вёсцы Зазюны (цэнтр калгаса імя Шверніка) быў выдзелены невялічкі пакой пад бібліятэку, паслугамі якой карысталіся 120 чалавек. У зону абслугоўвання ўваходзілі шэсць населеных пунктаў: Сакалы, Пецюны, Падваранцы, Бярозна, Балотнікі і Бастуны. Бібліятэкарам у той час была Лідзія Гардзееўна Гузава. А праз пяць год бібліятэка была пераведзена ў Бастуны. Ірына Яўгенаўна працягвала свой расказ, на мультымедыйным экране змяняліся твары, будынкі. Адно было нязменна: усе супрацоўнікі бібліятэкі імкнуліся, каб кніга дайшла да кожнага чытача.


Павіншаваць з 60-годдзем прыйшлі і мясцовыя школьнікі, а таксама былы бібліятэкар, а зараз дырэктар Бастунскага НПК Л.А. Балтрамун і самы актыўны чытач К.М. Касачова. Лідзія Андрэеўна ўспомніла, як працавалася ёй у 80-ых гадах на гэтай пасадзе. Тады даводзілася не проста выдаваць кнігі, але і быць ідэолагам. Хоць час прайшоў, прызнаецца яна, аднак па-ранейшаму не можа забыць пах новенькіх кніг. А Клаўдзія Мефодзьеўна выказала словы падзякі сённяшняму бібліятэкару І.Я. Карповіч, якая ведае пажаданні кожнага чытача і нават можа прынесці патрэбную літаратуру дадому сталым людзям.

Напрыканцы сустрэчы было месца і кветкам, і падарункам. Ірына Яўгенаўна атрымала Ганаровую грамату райвыканкама. І паабяцала, што і далей будзе верна захоўваць друкаванае слова.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымках: са святам віншуюць вучні Бастунскага НПК;

Ганаровую грамату І. Карповіч уручыла А. Ястрэмская.

Фота аўтара.