Вячоркі ў Забалаці

Вячоркі ў Забалаці
У канцы сакавіка Забалацкі навучальна-педагагічны комплекс сустракаў гасцей — настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры раёна і мясцовых жыхароў. Для іх удзельнікі гуртка “Спадчына” падрыхтавалі мерапрыемства “Вячоркі ў Забалаці”.
Свята распачалі вядучыя — пяцікласніца Аляксандра Пышынская і шасцікласнік Сяргей Кашлей. Яны расказалі, як у іх мясцовасці праходзілі вячоркі: “У доўгія асеннія і зімовыя вечары збіраліся людзі ў хаце з прасторным пакоем, дзе гаспадыня-весялуха і гаспадар-жартаўнік вельмі любілі спяваць, расказваць розныя небыліцы, каб сумесна правесці вольны час. Жанчыны працавалі: пралі, вязалі і г.д. Жартаўнікі прыдумвалі розныя гульні. На вячорках вяліся размовы. Старэйшыя ўспаміналі сваю маладосць, жыццёвыя горычы і радасці. Моладзь марыла аб лепшым жыцці, абмяркоўвала, дзе і як можна зарабіць, каб дапамагчы сваім бацькам”.

Затым увазе гледачоў былі прадстаўлены імправізаваныя вячоркі. Да гаспадароў дома Лявона (Сяргей Орда), Лявоніхі (Марыя Бялко) і іх дачушкі Васілінкі (Маргарыта Касцюкевіч), апранутых у беларускія нацыянальныя касцюмы, завіталі госці. Прыйшлі яны не з пустымі рукамі — кожны прыносіў свае стравы. І чаго тут толькі не было! Дранікі і бабка, бліны і варэнікі, паляндвіца і агуркі, клёцкі і хатнія каўбасы… А гаспадары частавалі гасцей пірагамі ды квасам.

Дзяўчаты з Забалаці (вучні 5 “А” і 6 класаў) прыгожа заспявалі пад акампанемент гарманіста Юрыя Ганевіча беларускія песні “Цячэ вада ў ярок”, “Мае вочы чорныя”, “А я ў печы не паліла”. Не паспела адгучаць мелодыя, як у хату за-віталі Данііл Рыжанкоў і Артур Ракуць (вучні 6 класа), якія ад душы пацешылі і “гаспадароў”, і гледачоў.

Затым слова ўзяла бабуля Васілінкі (загадчык школьнага этнаграфічнага музея Ф.С. Войшніс). Яна расказала цікавыя гісторыі са свайго маленства і пра тое, як жылі нашы дзяды і прадзеды, у што верылі і чаго баяліся. Закранула жанчына і такую тэму, як роля хатняга парога ў сямейна-бытавых зносінах сваякоў.

А якія ж вячоркі без танцаў?! Не  ўтрымаліся хлопчыкі і запрасілі на “Кракавяк” дзяўчынак... “На агеньчык” заглянуў і Несцерка з мехам прымавак ды загадак. Вестка аб вясёлых вячорках дайшла і да Курчоўцаў. Моладзь гэтага населенага пункта (вучні 9-10 класаў) прыйшла ў госці і парадавала ўсіх беларускімі танцамі “Варотцы” і “Полька-весялуха” (мастацкі кіраўнік Л.І. Юшэвіч). Да іх далучыліся і гаспадары, і прысутныя на свяце. Нават  Несцерка не змог утрымацца — прытанцоўваў на сцэне. Гаспадары пачаставалі танцораў, і тыя адправіліся ў дарогу. А вячоркі прадаўжаліся.

Беларускія загадкі, прымаўкі, неверагодныя вясковыя гісторыі, байкі і анекдоты не маглі не спадабацца. А калі з гумарыстычнымі нумарамі выступілі Вадзім Юхнік і Надзя Кулеш — слёзы ад смеху з’явіліся на вачах гледачоў. Дзяўчаткі і хлопчыкі прыгадалі беларускія народныя гульні ды пагулялі ў “Яшчара”, “Машу”, “Бабу Ягу” і іншыя. На развітанне артысты праспявалі песню “Бывайце здаровы”.

Свята “Вячоркі ў Забалаці” вельмі спадабалася гасцям. Усе яны выказалі словы падзякі юным артыстам за тое, што зберагаюць традыцыі продкаў, і ўпэўненасць: дзеці — удзельнікі такіх мерапрыемстваў — заўсёды будуць помніць і свой родны кут, і сваіх бацькоў, і “як завуць суседа”!..

Валянціна КОЦІК,

кіраўнік гуртка “Спадчына” Забалацкага НПК.

Фота з архіва Забалацкага НПК.


У тэму


Парог заўсёды займаў значнае месца ў сістэме сямейна-родавых абрадаў і ў знахарстве:

- У старажытныя часы пад прогам знаходзіўся склеп (месца для труны) — месца захавання спаленых астанкаў памерлых сваякоў. Так парог у вертыкальнай структуры міфапаэтычнай мадэлі свету стаў сімвалізаваць зону продкаў.

- Калі ў дом прыходзілі сватацца, сват ціха стукаў пяткай правай нагі аб парог і, звяртаючыся да гаспадароў дома, казаў: “Яны (продкі) маўчаць, і вы не пярэчце!”.

- У паўсядзённым жыцці людзям забаранялася сядзець ці стаяць на парозе. Чаму? Адказ просты: “Нельга турбаваць продкаў па дробязях ці незнарок”. Перш за ўсё гэтая забарона датычыла нежанатых хлопцаў і незамужніх дзяўчат, так як нерэгламентаваныя дзеянні маглі наклікаць адзіноту — бясшлюбнасць.

- Цяжарнай жанчыне катэгарычна забаранялася сядзець на парозе, інакш роды будуць цяжкімі.

- Пасля вянчання бацькі сустракалі маладых слебам-соллю перад парогам дома, а жаніх клапатліва пераносіў нявесту цераз парог, каб дажыць да залатога вяселля.

- Спакон веку лічылася, што размаўляць і перадаваць рэчы цераз парог дома нельга, такія дзеянні прыводзяць да сваркі ці скандалу.