Некалькі слоў пра мову…

Актуально 21 февраля 14 1678
Некалькі слоў пра мову…

З калыскі да апошняга моманту жыцця чалавека суправаджае мова. Разам з малаком маці яна пранікае ў яго кроў, становіцца неад’емнай часткай яго будняў. Дзякуючы мове чалавек знаходзіць сваё месца ў соцыуме і адчувае сябе прыналежным да той ці іншай грамадскай фармацыі. Значэнне яе для кожнага з нас цяжка пераацаніць. Напрыклад, мілагучнасць і мяккасць роднай мовы, канешне ж, паўплывалі на такія рысы характару нас, беларусаў, як талерантнасць і гасціннасць. Ды і нездарма гавораць: пакуль жыве мова, жыве і яе носьбіт — народ!..

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Уладзімір РУЛЬ



Аб мове маёй


Ліцьвінска-крывіцкія словы,

Як зерне на гожай зямлі,

Стагоддзі таму адмыслова

У душах славян узыйшлі.

У часе тым дзіўным і строгім

Шматлікія беды аднак

Не мелі над ёй перамогі —

І ў тым яўна быў Божы знак.

Яна, без сумненняў, служыла

Сваёй грамадзе дзень пры дні:

Была і суровай, і мілай,

І знала свае карані.

Была і адметнай, і дзейнай:

Вось вам — “дж”, вось — “дз”. З даўніны

У ранг гукаў двух чарадзейных

Узведзены мовай яны.

І ў (нескладовае) смела,

І востры апостраф такі

Яна, як ні дзіўна, паспела

Данесці да нас праз вякі.

…Чаму ж гэта я ў прошлым часе

Пра мову гамонку вяду?

Яна ж мне і іншым на шчасце

Адолела гора-бяду…

Час прыйдзе, ты больш расквітнееш,

Як вішня ў садзе вясной,

І доўгачаканаю дзеяй

Заззяеш над нашай зямлёй.

І як бы каму ні карцела

Цябе ачарніць хоць у чым —

Была ты. Ёсць і будзеш белай

На зло ачарняльнікам тым!

P.S. Ганарар аўтара будзе пералічаны на рахунак В.М. Бартось.