У любовi i веры дакранемся да нябёс

С праздником 15 января 14 1740
У любовi i веры дакранемся да нябёс
Тры прыгожыя, нібы сышоўшыя з аблокаў, дзяўчынкі-анёлы распачалі 12 студзеня канцэрт у Воранаўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу і запрасілі ўсіх гледачоў яшчэ раз адчуць вечна цёплае і трапяткое ззянне Каляднай зоркі.
— Дарагія сябры, шчыра і ад усяго сэрца віншую вас са светлымі днямі вялікага свята   Ражства Хрыстова, — вітаў прысутных старшыня Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Розум. — Традыцыя гэтага свята зыходзіць з глыбіні вякоў і прыносіць мільёнам веруючых вялікую радасць. Штогод свята Ражства Хрыстова прыходзіць у нашы хаты, дорыць мір і згоду, раскрывае нашы сэрцы насустрач дабрыні і міласэрнасці, заклікае да адзінства і ўзаемаразумення. Нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, гэтая падзея дае нам веру і сапраўдную апору. Няма нічога больш важнага, чым мір на роднай зямлі, шчасце і разуменне ў сям’ях, згода ў грамадстве. Хай жа хрысціянская мараль аб’яднае нас, дапаможа тварыць дабро, прыдасць сілы ў пераадольванні розных перашкод, дапаможа стаць лепшымі і больш мудрымі дзеля шчасця родных і блізкіх, дзеля працвітання нашага раёна. Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, цудоўнага настрою, удачы, ажыццяўлення высакародных задум!


Каб Віфліемская зорка заўсёды асвятляла жыццёвы шлях, пажадалі воранаўцам настаяцель храма Святога вялікага благавернага князя Аляксандра Неўскага, іярэй Ігар Валошын, настаяцель прыхода Святых апосталаў Сімеона і Юды Фадзея, ксёндз Анджэй Вітэк і настаяцель храма Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Радуні, іярэй Мікалай Семашкевіч.


Як напісана ў Евангеллі, нарадзіўшамуся Езусу валхвы прынеслі ў дар золата, ладан, смірну. Але шчодрыя мудрацы былі другімі, бо першымі шчыра ўзрадаваліся Божаму Нараджэнню простыя пастухі, якія прынеслі Яму незвычайныя гасцінцы — свае сэрцы і песні радасці. Якраз такі падарунак зрабілі Богу і людзям воранаўскія артысты-аматары. Радасць лілася ў паэтычных радках з вуснаў вядучых Іны Юрша і Віктара Тарчынскага, ад юных прыхаджан касцёла і царквы падчас калядных пастаноўкі і песень, праслаўляючых нашага Збавіцеля. Кранулі да глыбіні сэрцы і спевы хароў прыхода Святых апосталаў Сімеона і Юды Фадзея (рэгент В. Мацкевіч), храма Святога вялікага благавернага князя Аляксандра Неўскага (рэгент Ю. Валошына) і храма Святой прападобнай Еўфра-сінні Полацкай (рэгент С. Семашкевіч). Зусім у другім стылі, але таксама пранікнёна, выступілі эстрадна-духавы аркестр Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў (мастацкі кіраўнік М. Шманок), вакальная група “Забава” (мастацкі кіраўнік Л. Кумпель), вакальна-інструментальны ансамбль “Эйрэнэ” (мастацкі кіраўнік С. Комар), моладзевая група “Да неба” (кіраўнік Э. Бутрым) і ансамбль “Гарэзлівыя струны”.  З асаблівай сімпатыяй хочацца назваць салістак А. Івуць, Д. Дорашаву і А. Куель, піяністку П. Чэкан, юных танцораў з ансамбля “Равеснік”. Іх творчыя зоркі з кожным выхадам на сцэну свецяць усё ярчэй і ярчэй.


…Між тым на сцэну вярнуліся з калядных вандровак анёлы і ўпрыгожылі святочную елачку зорачкамі, як сімвал дабрыні, любові, міласэрнасці. Верыцца, што   нашы сэрцы адчыняцца насустрач і Богу, і ўсім тым, хто мае па-трэбу ў нашай дапамозе. І на сённяшні час мы можам падарыць надзею і дапамагчы справіцца з цяжкай хваробай Анжаліцы Лукашэвіч з аграгарадка Жырмуны. Падчас святочнага канцэрта было сабрана звыш 4 мільёнаў рублёў. Далучыцца да гэтага міласэрнага ўчынку можаце і вы, шаноўныя чытачы, ахвяраваўшы на лячэнне Анжалікі любую суму. Зрабіць гэта можна да канца тыдня падчас набажэнстваў у касцёле і царкве г.п. Воранава.

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.


.


.


.


.