Шлях да сцэны

Наши конкурсы 10 декабря 13 2195
Шлях да сцэны
Таленавітыя і артыстычныя людзі могуць удзельнічаць у 24 тэатральна-драматычных гуртках, з якіх 19 — дзіцячыя, створаных пры ўстановах культуры раёна. Удзел у іх — добрая магчымасць паказаць свае здольнасці і няблага правесці час. У лістападзе прайшоў агляд-конкурс такіх аматарскіх тэатральных калектываў “Шлях да сцэны”. За першае месца змагаліся шэсць дарослых і пятнаццаць дзіцячых аб’яднанняў.
Падчас тэатральных пастаноў гледачы весяліліся разам з героямі спектакляў, разам з імі сумавалі. Трагічныя моманты ў жыцці сцэнічных персанажаў прымалі блізка да сэрца. Не раз самадзейныя артысты дасціпным гумарам выклікалі ўсмешкі на тварах прысутных. Многіх пачынаючых акцёраў глядач адкрываў для сябе. Замілаванне вы-клікала гульня самых маленькіх артыстаў. Іх непасрэднасць, уменне трымацца на сцэне і данесці да ўсіх вобраз свайго героя не маглі застацца па-за ўвагай. Яны падаравалі публіцы сапраўдны казачны настрой. Па выніках конкурсу калектывы, якія занялі прызавыя месцы, былі адзначаны дыпломамі, а сем гурткоў — граматамі за ўдзел.


Лепшым дарослым калектывам журы прызнала драматычны калектыў “Надзея” Нацкага сельскага цэнтра нацыянальных культур (мастацкі кіраўнік Д.З. Крэнь) за пастаноўку камедыі М. Чарота “Мікітаў лапаць”. Фантазія на тэму бытавога народнага гумару “Кірмаш” тэатральна-драматычнага гуртка “Балаган” Воранаўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу (мастацкі кіраўнік В.І. Вашкевіч) заслужыла другога месца. На трэцім замацаваўся драматычны гурток “Озарение” Больцішскага сельскага Дома культуры (мастацкі кіраўнік А.С. Нядзелька) з урыўкам з п’есы І. Скрыпкі “Гусляр”.

Дзіцячыя калектывы ў асноўным на суд журы і гледачоў прадстаўлялі пастаноўкі казак. Першае месца сярод іх было прысуджана тэатральна-музычнаму гуртку “Купалінка” Беняконскага СДК (мастацкі кіраўнік Г.Ф. Карабліна). Другое па-дзялілі тэатральныя гурткі “Радуга” Больцішскага СДК (мастацкі кіраўнік А.С. Нядзелька) і “Маскі” Гіркаўскага СДК (мастацкі кіраўнік А.С. Карпінская). На трэцім размясціліся драматычныя гурткі пад аднолькавай назвай — “Мазайка” Больцініцкага СДК (мастацкі кіраўнік В.Ул. Толкач) і Радунскага ГДК (мастацкі кіраўнік Т.А. Банцэвіч).

Журы ў дадатак вылучыла тры намінацыі. Былі адзначаны за артыстызм Вераніка Герасімовіч, удзельніца дзіцячага тэатральнага гуртка “Радуга” Больцішскага СДК і Мелана Дудко, удзельніца польскага музычна-драматычнага гуртка “Слонэчко” Нацкага СЦНК (мастацкі кіраўнік Т.А. Ульбін). А таксама за лепшую мужчынскую ролю Марк Радзевіч (тэатральна-музычны гурток “Купалінка” Беняконскага СДК) і за лепшую рэжысуру і музычнае афармленне гурток мініяцюр “Маска” і “Этюд” Воранаўскага ГЦКіВЧ (мастацкі кіраўнік Л.А. Кумпель).

“Шлях да сцэны”, які зрабілі нашы таленавітыя землякі, стаў для аматараў тэатральных пастаноў сапраўдным святам.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымках: выступае тэатральна-музычны гурток “Купалінка”; на сцэне драматычны калектыў “Надзея”.

Фота з архіва Воранаўскага РМЦіНТ.