Заставайся на лiнii жыцця

Актуально 04 декабря 13 1446
Заставайся на лiнii жыцця
На мінулым тыдні ў Воранаўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу адбыўся штогадовы семінар-практыкум на тэму “Арганізацыя работы па здароваму ладу жыцця і прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі”. Прынялі ўдзел  намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце сельскіх гаспадарак і арганізацый, спецыялісты цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і клубных устаноў раёна, а таксама вучні 10-11 класаў Воранаўскай сярэдняй школы.
Праграма мерапрыемства была дастаткова насычанай. Перад пачаткам семінара спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Воранаўскага райвыканкама правялі анкетаванне яго ўдзельнікаў з мэтай выяўлення ўзроўню ведаў па праблеме ВІЧ/СНІД. Для зацікаўленых у фае Цэнтра была прадстаўлена выстава спецыяльнай літаратуры.

Адкрыла мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Ястрэмская. Аб эпідсітуацыі па ВІЧ у Гродзенскай вобласці і, у прыватнасці, у Воранаўскім раёне прысутных пазнаёміла загадчык аддзела эпідэміялогіі ДУ “Воранаўскі райЦГЭ” Галіна Белавус. На жаль, нягледзячы на прафілактычную работу, якая праводзіцца ў раёне ўсімі зацікаўленымі структурамі, колькасць інфіцыраваных расце. Таму, па словах Галіны Мікалаеўны, патрэбна яшчэ больш надзяляць увагі гэтай праблеме. І з гэтым нельга не пагадзіцца...

Як жа жывецца на свеце тым, хто ўжо атрымаў страшны дыягназ — СНІД? У сваім творчым вобразе захварэўшай дзяўчыны гэта яскрава прадэманстравала супрацоўніца Цэнтра Валянціна Вашкевіч. Яе надрыўны голас, здавалася, пранік у душу, а па целе аж мурашкі пабеглі. Такія ж пачуцці выклікалі і тэатральная пастаноўка юнакоў і дзяўчат з Беняконскага сельскага Дома культуры і прадэманстраваны фільм. Абурае тое, што калі дарослыя ўдзельнікі семінара былі ў напружанні ад таго, што адбывалася на сцэне, вучні на галёрцы займаліся чымсьці сваім і нават смяяліся. Насамрэч, каб яны сачылі за дзеяннямі, то ім сапраўды было б не да смеху. Можа, яны ўсё ведаюць пра гэтую смяротную хваробу. А можа, лічаць, што менавіта ім яна не пагражае. Але жыццё бывае такім непрадказальным, і ніхто не ведае, што і калі з ім адбудзецца...

Работа семінара-практыкума на гэтым не была завершана, удзельнікам прапанавалі разысціся па секцыях. У першай секцыі разабрацца ў асноўных падыходах да арганізацыі работы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі на прадпрыемствах і арганізацыях раёна дапамагала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Ня-дзелька. У другой па той жа тэматыцы працавалі супрацоўнікі клубных устаноў, а дапамагала ім у гэтым метадыст Воранаўскага РМЦіНТ Рыта Шарко.

На семінары пабывалі Наталля ІВУЦЬ і Алег БЕЛЬСКІ (фота).