Беларускi шансанье Сяргей Славянскi: “У Воранава жывуць шчырыя людзi”

С праздником 26 ноября 13 2288
Беларускi шансанье Сяргей Славянскi: “У Воранава жывуць шчырыя людзi”
Тыдзень таму каля Воранаўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу было шматлюдна — усе спяшаліся на канцэрт папулярнага шансанье беларускай эстрады Сяргея Славянскага.
І вось на сцэне з’яўляецца любімы артыст. Льецца прыемная музыка, і чароўны голас, здаецца, пранікае ў самыя патаемныя куточкі душы. Песня за песняй... І ўсё пра любоў да жанчыны і яе прыгажосць. Падчас свайго выступлення Сяргей насамрэч працяў “Стралой кахання” (менавіта так называлася яго канцэртная праграма) усю жаночую аўдыторыю зала. Жанчыны нібыта расквіталі, іх вочы зіхацелі, як сонечныя зайчыкі. А мужчыны, якія знаходзіліся побач, глядзелі на сваіх каханых яшчэ з большым замілаваннем. Вось яна — цудоўная сіла песні!

Пасля канцэрта вырашыла пацікавіцца ў шансанье, у чым яго поспех. Прыйшлося пачакаць... Бо шмат было жадаючых атрымаць аўтограф і сфатаграфавацца...

— Вы не першы раз у нашым райцэнтры, чым Вам так спадабаліся нашы гледачы?

— Я быў у вас год таму. Тады канцэрт праходзіў увечары на плошчы. Памятаю, спачатку было холодна, але пасля першай песні адчуў нейкае цяпло, якое ішло ад гледачоў. Такога радушнага прыёму я нават і не чакаў. Таму зразумела, што любога чалавека бу-дзе цягнуць туды, дзе яго так сустрэлі, дзе яго любяць і чакаюць.

— Вашы песні напоўнены лірычным настроем і каханнем... Хто вас натхняе на іх напісанне, дзе Вы бярэце сюжэты?

— Галоўная муза — гэта мая адзіная каханая жанчына, з якой я звязаны вузамі шлюбу. Бывае, што натхняе ўбачаны фільм ці прачытаная кніга. А здараецца, што і з паўсядзённага жыцця, як, напрыклад, песня “Фата”. Ехаў аднойчы на сваім аўтамабілі... На скрыжаванні, як раз побач з ЗАГСам, загарэлася чырвонае святло святлафора, бачу, там вясельная мітусня: жаніхі, нявесты, госці — адныя фата-графуюцца, другія прымаюць віншаванні, а ў кагосьці — першы шлюбны пацалунак. Вось тады я і задумаўся: аб чым яны ў гэты момант думаюць?.. Загарэўся зялёны, я паехаў далей, дастаў дыктафон і напісаў гэтую песню.

— Прызнацца сумленна, я з Вашай творчасцю не была знаёма, па меншай меры, так думала. Але, пачуўшы на канцэрце песні “Жена” і “Алёнушка” была прыемна здзіўлена, што гэта Вашыя аўтарскія, якія Вы і спяваеце. Я іх раней чула, але ў выкананні нашых, мясцовых музыкантаў. Атрымоўваецца, што Вашы песні ўжо сталі сапраўды народнымі. Як лічыце, у чым поспех?

— Мне цяжка аб сабе нешта гаварыць добрае ці дрэннае. Мабыць, некаторыя мае песні западаюць у душу... А можа таму, што я на сцэне, ды і ў жыцці, зусім незорная постаць, а просты чалавек, якому Бог падараваў музычны талент. Такіх, пагадзіцеся, вельмі шмат, і яны побач з вамі, а я — адзін з іх...


— Вашыя пажаданні нашым чытачам...

— У першую чаргу, хачу пажадаць сямейнага дабрабыту, каб у кожнай сям’і панавалі ўтульнасць і спакой. Вядома, кахання, а тым, у каго яно ўжо ёсць, няхай год ад году гэтае пачуццё мацнее. Усіх жыццёвых даброт, пабольш усміхайцеся адзін аднаму і шануйце сваіх каханых і блізкіх.

На канцэрце пабывала Наталля Івуць.

Фота аўтара.